Мінск 23:00

“Заходнія куратары” Літвы не змаглі парушыць сувязі паміж яе жыхарамі і беларусамі, заяўляе Лукашэнка

Фота: freepik.com

16 лютага, Позірк. Нягледзячы на “сённяшнія цяжкасці”, сувязі паміж жыхарамі Беларусі і Літвы “не ўдалося парушыць ні адыёзным прыбалтыйскім палітыкам, ні іх заходнім куратарам”, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні народу гэтай краіны з нацыянальным святам — Днём аднаўлення дзяржавы.

“На працягу многіх стагоддзяў нашы народы заўсёды ішлі побач, узбагачалі адзін аднаго культурна, эканамічна і духоўна”, — цытуе віншавальніка яго прэс-служба.

Беларусь, паводле слоў Лукашэнкі, “трымае дзверы адкрытымі, запрашае ў госці і да мірнага супрацоўніцтва ўсіх сваіх суседзяў”.

“Гэта заўважаюць і цэняць звычайныя літоўцы, якія захавалі цёплае стаўленне да беларусаў, — сцвярджае ён. — Людзі з абедзвюх краін, як і раней, разам адзначаюць святы, ствараюць сем’і і мараць пра бяспечную і шчаслівую будучыню, якую мы можам пабудаваць сумеснымі намаганнямі”.

Годам раней у аналагічным віншаванні Лукашэнка заяўляў: “Яшчэ некалькі гадоў таму ніхто не мог нават уявіць, што літоўскія палітыкі змогуць так бяздумна забараніць нам наведваць Літву, пабудаваць сцены з калючым дротам на агульнай мяжы, нацэліць на нас зброю і нават паказваць, як нам жыць у сваёй краіне”.

Падобныя думкі гучалі і ў пасланні 2023 года, калі віншавальнік адзначаў, што “літоўскія кіроўныя эліты” рабілі спробы “змяніць абраную беларускім народам уладу” і праводзілі “неабгрунтавана варожую і хлуслівую палітыку” ў дачыненні да Беларусі.

У 2022 годзе, за тыдзень да пачатку расійскай узброенай агрэсіі ва Украіне, ён сцвярджаў, што “Беларусь заўсёды паважала незалежнасць і суверэнітэт сваіх суседзяў, а таксама іх нацэленасць на ўстойлівае эканамічнае развіццё і дабрабыт”.

Адносіны Беларусі і Літвы рэзка пагоршыліся пасля сфальсіфікаваных Мінскам прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, масавых пратэстаў, якія пачаліся пасля іх, на што рэжым Лукашэнкі адказаў небывалымі па маштабе рэпрэсіямі, якія не спыняюцца дагэтуль. Літва стала цэнтрам прыцягнення для апанентаў уладаў у Мінску, у Вільнюсе знаходзіцца офіс беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

Пасля рэжым Лукашэнкі неаднакратна даваў падставы літоўскім уладам рабіць больш жорсткімі пазіцыю ў дачыненні да афіцыйнага Мінска: міграцыйны крызіс на межах ЕС, стварэнне ўмоў для вымушанай пасадкі ў беларускай сталіцы самалёта Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс, падтрымка агрэсіі РФ супраць Украіны, размяшчэнне на сваёй тэрыторыі расійскай тактычнай ядзернай зброі і наймітаў групоўкі “Вагнер”. Лічачы ўсё гэта пагрозай нацыянальнай бяспецы, улады Літвы сталі адным з галоўных лабістаў узмацнення жорсткасці санкцый супраць мінскага рэжыму.

15 красавіка 2022 года Лукашэнка ўвёў бязвізавы рэжым для грамадзян балтыйскіх краін. За гэты час у Беларусь, паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта, было зафіксавана амаль 600 тыс. уездаў грамадзян Літвы.

Праведзены “Позіркам параўнальны аналіз аператыўных даных Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, сведчыць аб тым, што ў 2024 годзе былі спыненыя 1.002 спробы нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі, што на 62,1% менш, чым у 2023-м (2.644).

Падзяліцца: