Мінск 23:14

Ціханоўская сустрэлася са спецпасланнікам Трампа па РФ і Украіне

Кіт Келаг
Фота: Fox News

16 лютага, Позірк. Сустрэчу са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па пытаннях Расіі і Украіны Кітам Келагам правяла на палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Як паведаміў “Позірку” галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка, на сустрэчы Ціханоўская “адзначыла паспяховае вызваленне трох закладнікаў з турмы, уключаючы двух палітычных зняволеных”, а таксама “падзякавала адміністрацыі Трампа за падтрымку і каардынацыю ў гэтым пытанні”.

Паводле слоў Вячоркі, абмяркоўвалася таксама магчымасць прызначэння спецпасланніка па Беларусі і “важнасць уключэння беларускага пытання ў перамовы па Украіне”.

“Я патлумачыла генералу, што для ўстойлівага міру неабходная прадказальная Беларусь без расійскай вайсковай прысутнасці. Мы дамовіліся працягваць камунікацыю”, — сказала па выніках сустрэчы Ціханоўская.

80-гадовы Келаг — генерал-лейтэнант у адстаўцы, былы адказны сакратар Савета нацыянальнай бяспекі ЗША — быў прызначаны спецпасланнікам прэзідэнта ЗША аб РФ і Украіне 20 студзеня 2025 года.

Ціханоўская ўдзельнічае ў працы Мюнхенскай канферэнцыі з 2022 года.

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы (Münchener Sicherheitskonferenz, Munich Security Conference) — штогадовы міжнародны форум, які праводзіцца ў Мюнхене (адміністрацыйны цэнтр Баварыі, поўдзень Германіі) з 1963 года.

Падзяліцца: