Мінск 22:54

Ціханоўская ўпершыню сустрэнецца з Зурабішвілі

16 лютага, Позірк. Святлана Ціханоўская сустрэнецца з пятым прэзідэнтам Грузіі Саламэ Зурабішвілі. Перамовы пройдуць 16 лютага, у заключны дзень Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, паведаміў “Позірку” галоўны дарадца беларускага дэмакратычнага лідара Франак Вячорка.

Гэта будзе першая сустрэча палітыкаў. Абедзве дэ-факта знаходзяцца ў аднолькавай сітуацыі: у іх краінах улада належыць праціўнікам, якія захавалі яе дзякуючы выбарам, афіцыйныя вынікі якіх не прызнаюцца дэмакратычнай супольнасцю (прэзідэнцкія 2020 года ў Беларусі, парламенцкія 2024 года ў Грузіі).

Ціханоўская, якая вымушана знаходзіцца ў эміграцыі, лічыць сябе абраным прэзідэнтам, Зурабішвілі, якая пакуль мае магчымасць жыць на гістарычнай радзіме (нарадзілася ў Францыі) — прэзідэнтам, які захаваў паўнамоцтвы пасля фармальнага іх заканчэння ў снежні 2024 года. Дэмакратычныя краіны Захаду пацвярджаюць іх статус узроўнем арганізацыі візітаў на высокім і найвышэйшым узроўнях, а таксама адпаведнымі заявамі палітыкаў.

Паводле звестак “Позірку”, адной з тэм сустрэчы Ціханоўскай і Зурабішвілі можа стаць становішча беларусаў у Грузіі, якая ў 2020-м і наступныя гады з’яўляецца адным з цэнтраў палітычнай эміграцыі з Беларусі (а таксама Расіі). У краіне пражывае каля 12 тыс. беларускіх грамадзян. Іх колькасць паступова памяншаецца ў сувязі з працяглым палітычным крызісам і заканчэннем тэрміну дзеяння пашпартоў, якія пасля ўказа Аляксандра Лукашэнкі, выдадзенага ў верасні 2023 года, немагчыма абмяняць за мяжой. Улады Грузіі адхіляюць усе хадайніцтвы беларусаў аб наданні прытулку. Кіроўная партыя “Грузінская мара“ прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі пайшла на канфрантацыю з Еўрасаюзам і ЗША, прызнае рэжым Лукашэнкі (абраны аднапартыйным парламентам прэзідэнт Міхеіл Кавелашвілі павіншаваў таго з “перавыбраннем”), яе метады барацьбы з апазіцыяй усё больш нагадваюць беларускія.

Ціханоўская падтрымлівае акцыі грузінскага народа за еўрапейскую будучыню краіны, якія працягваюцца 80 дзён.

Гл. таксама па тэме:

Паводле беларускіх лякал. Грузінскі тэлеканал абвінаваціў “рэжым Іванішвілі” ў выкарыстанні паслуг “інструктараў Лукашэнкі”

Крайнія меры. Праваабаронцы звернуцца ў Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі, каб папярэдзіць высылку беларусаў з Грузіі

“Ёсць рызыка зацяжнога канфлікту”. Як выбары ў Грузіі могуць адбіцца на беларусах

Падзяліцца: