Мінск 23:12

Ціханоўская абмеркавала з вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі

Крыніца: pixabay.com

16 лютага, Позірк. Сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі абмеркавалі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк.

Іх сустрэча прайшла на палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмлідара Франак Вячорка.

“Ціханоўская перадала дакументы ад беларускіх праваабаронцаў аб апошняй хвалі рэпрэсій, сітуацыі ў турмах і спісах палітвязняў, якія знаходзяцца ў крытычным стане. Яна падкрэсліла, што сітуацыя катастрафічная і патрабуе неадкладнага ўмяшання”, — адзначыў Вячорка.

Паводле яго слоў, палітык заклікала вярхоўнага камісара “спрыяць гуманітарным вызваленням палітвязняў, спыненню практыкі ізаляцыі “інкамунікада” і забеспячэнню доступу да зняволеных”.

“Ціханоўская распавяла аб паспяховым вызваленні двух палітвязняў у каардынацыі з ЗША і хвалі гуманітарных вызваленняў у канцы мінулага года”, — дадаў дарадца.

Цюрку таксама быў перададзены дакумент з прапановамі “крокаў па вызваленні палітвязняў і спыненні рэпрэсій”, сказаў Вячорка.

“Асобна абмяркоўвалася запланаваная на сакавік прэзентацыя справаздачы групы незалежных экспертаў ААН аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У справаздачы фіксуюцца доказы злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў”, — паведаміў дарадца Ціханоўскай.

На 16 лютага беларускія праваабаронцы прызнаюць палітвязнямі 1.226 чалавек.

Падзяліцца: