Мінск 23:07

У 2024 годзе ў ДТЗ загінула 14 непаўналетніх пасажыраў

16 лютага, Позірк. 14 непаўналетніх пасажыраў загінула ў дарожна-транспартных здарэннях у 2024 годзе, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Траўмы атрымалі 202 дзіцяці, адзначае ведамства, пры гэтым кожны другі з іх “перавозіўся з парушэннем устаноўленых правілаў”.

Паводле звестак МУС, у студзені 2025-га ў ДТЗ было траўмавана 17 непаўналетніх пасажыраў.

“У мэтах павышэння бяспекі перавозкі непаўналетніх з 17 па 21 лютага Дзяржаўтаінспекцыя правядзе рэспубліканскую прафілактычную акцыю “Калі любіш — вязі бяспечна“. Мерапрыемствы прысвечаныя папярэджанню і зніжэнню цяжару наступстваў ДТЗ з удзелам маленькіх пасажыраў, прапагандзе выкарыстання дзіцячых утрымлівальных прылад”, — гаворыцца ў паведамленні.

Удакладняецца, што ўзмоцненаму кантролю ў гэтыя дні падвергнуцца асабістыя аўтамабілі грамадзян, маршрутныя таксі і школьныя аўтобусы. “Акрамя таго, інспектары арганізуюць дзяжурствы на найбольш напружаных участках вуліц і дарог паблізу ўстаноў адукацыі, будуць спыняць парушэнні правілаў перавозкі, пасадкі і высадкі непаўналетніх”, — заявілі ў ведамстве.

МУС нагадала, што дзяцей да 12 гадоў трэба перавозіць у аўтамабілях з выкарыстаннем “утрымлівальных прылад” (аўтакрэслы, бустэры), падлеткаў, якія перасягнулі ўказаны ўзрост, трэба абавязкова прышпільваць рамянямі бяспекі.

У ДТЗ з матацыклам у Ашмянскім раёне загінулі два чалавекі, у тым ліку непаўнагадовы

2 лютага, Позірк. Два чалавекі загінулі ў дарожна-транспартным здарэнні ўвечары 1 лютага ў Ашмянскім раёне (Гродзенская вобласць), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта. Паводле папярэдніх звестак, 27-гадовы кіроўца матацыкла каля вёскі Гальшаны не даў перавагу аўтамабілю "Шкода", які рухаўся па галоўнай дарозе. …

Падзяліцца: