Мінск 23:33

Лукашэнка запатрабаваў ад бізнесу не выводзіць грошы за мяжу

17 лютага, Позірк. “Жорстка падтрымліваць” прыватны бізнес, які сумленна працуе, паабяцаў Аляксандр Лукашэнка 17 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі прадпрымальніцкай сферы.

“І вы толькі скажыце, хто вам перашкаджае — галава адразу зляціць з любога, будзь ён у пагонах, без пагонаў ці дзяржаўны служачы. Толькі скажыце, але самі вы павінны быць чыстыя і празрыстыя, як шкло. Вось адзінае, што я ад вас прашу. Ніхто ў вас бізнес не адбярэ, ніхто вас нахіляць не будзе, дзяліць нешта не будзе. Гэта я вам гарантую. Але дзяржаўны інтарэс перш за ўсё. Я чалавек такі, але справа не ў гэтым. А справа ў тым, што краіна ў такой сітуацыі, што мы можам выжыць, толькі калі сумленна мабілізуемся”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён запатрабаваў спыніць практыку вывазу бізнесам сродкаў за мяжу, адзначыўшы, што “некаторыя, асабліва замежныя кампаніі, тут працуюць, людзі карачацца (не толькі кіраўнікі), так, па-народнаму кажучы, зарабляюць грошы, а кіраўнікі выводзяць за мяжу”.

Лукашэнка сказаў: “Калі хочаце нешта купіць за мяжой, дзеля бога, Давайце выпрацуем сістэму, каб да вас ніхто не чапляўся. Але калі вы хаваеце за мяжой грошы, заробленыя тут, маё стаўленне да вас якое павінна быць?”

“Працуйце сумленна, — дадаў прамоўца. — Вы для нас не чужыя. Вось для мяне асабіста. Таму калі хтосьці парушае гэтую лінію, давядзіце да мяне пазіцыю гэтых людзей. І не бярыце чужое. Тады мы з вамі будзем у добрых адносінах”.

Лукашэнка заявіў аб дапушчальнасці бізнесменам “залазіць у дзяржаўную кішэню”. “Давайце па-чалавечы выбудоўваць адносіны, — сказаў ён. — Але я заўсёды гатовы абараніць прыстойнага, сумленнага чалавека. І асабліва прадпрымальніка. Яны ж на нас працуюць, на краіну. А мы павінны вас абараняць і на вас працаваць. Простая формула адносін. Няма больш адказнага, прабачце за нясціпласць, прэзідэнта ў плане вытворчасці і бізнесу, чым у Беларусі. Няма і не будзе. Таму што вы мне не плаціце. У нас няма на паверхах тых, што сядзяць, якія з вас збіраюць даніну, як гэта было ва Украіне. Я гэта добра ведаю. Гэтага ніколі не будзе. Так шануеце вы гэта”.

Гаворачы аб празмерных праверках бізнесу з боку кантралюючых органаў, Лукашэнка заклікаў пра іх паведамляць: “Ні адзін інспектар, як раней, кубак кавы да прадпрымальніка зайсці не можа выпіць. Ён павінен атрымаць накіраванне свайго кіраўніка пісьмова. І калі да вас хтосьці прыйшоў, і вы нешта западозрылі, вы праінфармуйце нас”.

“Мы праверым, хто яго туды накіраваў, — заявіў спікер. — Ніводнай такой інфармацыі не было. Гэта значыць сістэма створана. Знайдзіце магчымасць праінфармаваць. Мы вас возьмем пад кантроль, каб да вас потым “сябручкі” яго не прыйшлі — дзяржслужачага або кантралёра. Я вам гарантую, асабіста гэта зраблю. Я асабіста буду вывучаць гэтыя праблемы. Чарканіце ў інтэрнэце — памочнікі ўсё гэта манітораць і мне на стол кожную раніцу. Я рэагую. <…> Паверце, у мяне дастаткова ўлады, каб паставіць любога на месца”.

Пры гэтым Лукашэнка папярэдзіў, што ахвотныя займацца бізнесам павінны разумець меру адказнасці, цвяроза ацэньваць свае здольнасці і разумець, што бізнес — гэта “няпростая дарога”.

Адзначым, што яго словы аб падтрымцы бізнесу разыходзяцца з рэальнасцю. У Беларусі было нацыяналізавана некалькі буйных прыватных арганізацый.

У 2012 годзе кандытарскія прадпрыемствы “Камунарка” і “Спартак” на патрабаванне Лукашэнкі былі вернутыя пад кантроль дзяржавы. На той момант значнай часткай акцый валодаў амерыканскі інвестар беларускага паходжання Марат Новікаў.

Былы ўладальнік Мінскага мотавелазавода і шклозавода “Ялізава” (Магілёўская вобласць) Аляксандр Мураўёў у 2017 годзе быў прыгавораны да 11 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. У сакавіку 2023 года стала вядома, што ён выйшаў на волю і з’ехаў за мяжу.

Пасля затрымання Мураўёва Мотавелазавод перайшоў пад знешняе кіраванне, а пазней быў нацыяналізаваны.

Падзяліцца: