Мінск 23:53

У Беларусь з Польшчы зноў спрабавалі нелегальна ўвезці пітонаў рэйсавым аўтобусам

Фота: ДМК

17 лютага, Позірк. Другая за няпоўныя пяць месяцаў спроба нелегальнага ўвозу з Польшчы пітонаў спыненая супрацоўнікамі Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК).

Ведамства адзначае, што нелегальны груз быў знойдзены ў рэйсавым аўтобусе.

Удакладняецца, што кіроўца аўтобуса, грамадзянін Польшчы, схаваў 15 сеткаватых пітонаў у нішы, абсталяванай у салоне пад лядоўняй.

У верасні 2024 года ў Беларусь спрабавалі завезці 19 каралеўскіх пітонаў, яны былі схаваныя пад прыступкамі аўтобуса.

Паведамляецца, што ў дачыненні да грамадзяніна Польшчы брэсцкая мытня пачала адміністрацыйны працэс паводле ч. 2 арт. 15.1 КаАП (перамяшчэнне тавараў, якія падлягаюць мытнаму дэклараванню, праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза з утойваннем ад мытнага кантролю, гэта значыць з выкарыстаннем схованак альбо іншых спосабаў, якія абцяжарваюць іх выяўленне, або з наданнем адным таварам віду іншых тавараў, а роўна спроба такога перамяшчэння). Аўтобус канфіскаваны да рашэння суда, пітоны, як і ў мінулы раз, перададзеныя ў Мінскі заапарк.

Сеткавыя пітоны — адзін з самых буйных відаў пітонаў. Могуць дасягаць уражлівых памераў, даўжыня дарослых асобін — ад 5 да 8 метраў. Такія пітоны водзяцца ў Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, заявілі ў ДМК.

Падзяліцца: