Мінск 23:15

Смяротнасць на пажарах павялічылася з пачатку года на 19%

Ілюстрацыйны скрыншот: відэаматэрыял МНС

18 лютага, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6.00 17 лютага па 6.00 18 лютага) ад агню ў Беларусі загінула чатыры чалавекі, вынікае з аператыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Трагедыі адбыліся ў Мінскім раёне (дзве ахвяры), а таксама ў Круглянскім і Кіраўскім раёнах Магілёўскай вобласці.

За 24 гадзіны зарэгістравана 35 пажараў (з пачатку года — 956; +23,2% да аналагічнага перыяду 2024-га, 776). Паводле звестак МНС, сёлета агонь забраў жыцці 119 чалавек (100; +19%).

За 2024 год агонь забраў жыцці 562 чалавек — на 7,3% больш, чым у 2023-м (524); траўмаваў 558 (+6,7%, 523).

На пасяджэнні калегіі МНС, якое прайшло 14 лютага, кіраўнік ведамства Вадзім Сіняўскі заявіў, што ў 2024 годзе ў Беларусі былі “забяспечаны бяспечныя ўмовы жыццядзейнасці насельніцтва, аператыўнае рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі і эфектыўная ліквідацыя іх наступстваў”.

Паводле чыноўніка, у выніку “сумеснай прафілактычнай работы” колькасць загінуўшых на пажарах у мінулым годзе “не перавысіла сярэднегадавы паказчык за апошнія пяць гадоў”. Разам з тым, канстатаваў Сіняўскі, меры, якія прымаюцца, не дазволілі захаваць дасягнутую ў 2022 і 2023 гадах дынаміку зніжэння колькасці пажараў і загінуўшых ад іх людзей.

Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў: “У першую чаргу мяне хвалюе колькасць пажараў, якія адбываюцца ў нашай краіне. Можа быць, нават не па віне працы МНС, а па віне нашых грамадзян, якія неасцярожна абыходзяцца з агнём: гэта і парушэнне правілаў выкарыстання бытавой тэхнікі, гэта і курэнне, гэта і, на жаль, ужыванне алкаголю”.

Падзяліцца: