Мінск 23:04

ВУП у студзені вырас у гадавым вымярэнні на 3,7% (дапоўнена)

Крыніца: quasa.io

18 лютага, Позірк. Валавы ўнутраны прадукт Беларусі павялічыўся ў студзені 2025 года на 3,7% да аналагічнага перыяду 2024-га, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Паводле звестак ведамства, аб’ём ВУП у бягучых цэнах склаў 20,5 млрд рублёў

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 17 лютага пасля кансультацый у Аляксандра Лукашэнкі заявіў дзяржСМІ, што першы месяц года склаўся “добра, вышэй нашых прагнозаў”.

“Інвестыцыі добра спрацавалі — дадалі больш за 20%. Гандаль добра сябе паказаў. Прамысловасць, нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія ёсць, спрацавала нядрэнна”, — заявіў кіраўнік урада.

Паводле яго слоў, студзеньскія тэмпы “неабходна ўтрымаць на ўвесь квартал”.

Вайна і звязаныя з гэтым эканамічныя праблемы ў 2025 годзе не знікнуць, “нават калі будуць нармальныя зрухі на фронце”, таму сітуацыя для беларускай эканомікі “будзе няпростая”, заявіў Лукашэнка 26 студзеня на прэс-канферэнцыі ў БДУФК пасля галасавання на мерапрыемстве, названым уладамі “прэзідэнцкімі выбарамі”.

Негатыўныя рызыкі для беларускай эканомікі ствараюць яе разбалансаванасць, перагрэў і планы ўладаў “не рабіць больш жорсткай, а захоўваць у цэлым мяккую эканамічную палітыку”, адзначыў на брыфінгу 21 студзеня старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык.

Гэтыя рызыкі, удакладніў эксперт, “не ляжаць у расійскай плоскасці”.

“[Мяккая палітыка] можа правакаваць альбо захаванне значнага перагрэву, альбо, як бачыцца ў базавым сцэнары, яго невялікага пашырэння ў 2025 годзе, — адзначыў Харытончык. — Адпаведна гэта можа прывесці да павелічэння дэфіцыту знешняга гандлю. А таксама нясе інфляцыйныя пагрозы, якія, калі рэалізуюцца, могуць “з’есці” ўсе дасягненні і прывесці да неспрыяльных наступстваў для выпуску і дабрабыту грамадзян ужо ў сярэднетэрміновым перыядзе”.

Паводле зацверджаных Лукашэнкам найважнейшых эканамічных прагнозных (дэ-факта — планавых) параметрах на 2025 год, рост ВУП павінен скласці 4,1%.

5 снежня 2024 года ў сваім макраэканамічным прагнозе спецыялісты Еўразійскага банка развіцця выказалі здагадку, што ў 2025 годзе рост беларускай эканомікі замарудзіцца да 2,6%.

Міжнародны валютны фонд у леташнім восеньскім аглядзе прагназаваў, што ВУП Беларусі павялічыцца ў 2025-м на 2,3%.

У сярэдзіне кастрычніка мінулага года Сусветны банк выдаў прагноз, згодна з якім беларуская эканоміка ў 2025 годзе вырасце на 1,2%.

У студзені 2024 года рост эканомікі склаў 2,8%, студзені — лютым — 4%, студзені — сакавіку — 4,1%, студзені — красавіку — 5,1%, студзені — траўні — 5,2%, студзені — чэрвені — 5%, студзені — ліпені — 5,5%, студзені — жніўні — 4,9%, студзені — верасні — 4,5%, студзені — кастрычніку — 4,2%, студзені — лістападзе — 3,9%, студзені — снежні — 4%.

Падзяліцца: