Мінск 22:59

Колькасць парушэнняў у цэнаўтварэнні знізілася — КДК

Фота: 1prof.by

18 лютага, Позірк. У 2024 годзе завышэнне гранічных гандлёвых надбавак устаноўлена ў 9,3% аб’ектаў, якія былі правераны Камітэтам дзяржкантролю, паведаміла начальніца упраўлення кантролю спажывецкага рынку, сферы паслуг і за абаротам падакцызных тавараў КДК Алена Масурноўская.

Усяго за год, паводле яе слоў, ведамства правяло праверкі і маніторынгі праведзены ў 1.412 гандлёвых аб’ектах.

“Колькасць парушэнняў заканадаўства аб цэнах зніжаецца: у 2023 годзе такія парушэнні былі выяўлены ў 12% крам, якія правераны, а ў 2022-м — у кожная чацвёртай”, — цытуе яе дзяржгазета “Рэспубліка”.

На працягу года накіравана каля 700 рэкамендацый аб устараненні парушэнняў і недахопаў, прыменены “меры адміністрацыйнага ўздзеяння”.

Пры гэтым за парушэнне санітарных норм і правілаў, правілаў гандлю, рэалізацыі тавараў са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці па патрабаванні КДК прыпынялася работа 39 аб’ектаў гандлю, удакладніла Масурноўская.

Жорсткае цэнавае рэгуляванне ўведзена ў кастрычніку 2022 года. Яно датычыцца ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з тэматычнай пастановы ўрада былі выключаны некаторыя групы тавараў, падкарэктаваны правілы рэгулявання цэн.

З восені мінулага года Саўмін рыхтуе змякчэнне правіл.

У 2024 годзе вытворцы больш за тысячу разоў прасілі дзяржорганы аб павышэнні цэн — выдадзены 572 дазволы, паведаміў 10 лютага міністр антыманапольнага рэгулявання Артур Карповіч.

Паводле даных Белстата, спажывецкія цэны ў студзені 2025 года выраслі на 0,7%. Харчовыя тавары падаражэлі на 1%, паслугі — на 0,4%; нехарчовыя тавары — на 0,5%.

У гадавым вымярэнні (да студзеня 2024-га) цэны павялічыліся на 5,2%. Харчаванне стала даражэй на 6,5%, нехарчовыя тавары — на 3,3%, паслугі — на 5,2%.

У 2024 годзе спажывецкія цэны выраслі на 5,2%, годам раней — на 5,8%.

Падзяліцца: