Мінск 22:44

Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць “зрабіць усё” для Лівіі

18 лютага, Позірк. Пра гатоўнасць да “сумеснай працы” заявіў 18 лютага Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы ў Мінску з фельдмаршалам і вярхоўным галоўнакамандуючым Лівійскай нацыянальнай арміі (ЛНА) Халіфай Хафтарам.

Паводле слоў Лукашэнкі, якія перадае яго прэс-служба, дэлегацыя Лівіі прыехала ў Беларусь “да сваіх сяброў, да сябе дадому”.

“Шмат пра вас чытаў, шмат чуў, шмат распавядалі мне. На жаль, сустракаюся ўпершыню. Я хачу, каб вы ведалі, што мы вельмі добра абазнаныя аб сітуацыі ў Лівіі, вельмі добра ведаем Лівію. У мяне да вашага народу асаблівае стаўленне, я бываў у Лівіі ў свой час. Вядома, сёння гэта іншая Лівія. Але вы павінны ведаць, што мы гатовыя зрабіць для вас усё, што вы ўбачыце карыснага ў Беларусі”, — сказаў Лукашэнка.

“Усё, пра што мы дамовімся сёння, у гэтыя дні, якія вы будзеце ў Беларусі, мы выканаем своечасова. Таму дазвольце вас вітаць у Беларусі і ўсіх спадарожнікаў — членаў дэлегацыі. Мы гатовыя да працы”, — падкрэсліў прамоўца.

У сваю чаргу Хафтар падкрэсліў, што лівійская дэлегацыя рада наведваць Беларусь, і заявіў аб жаданні супрацоўнічаць. Заяўляецца, што ён адзначыў “актыўнае развіццё розных сфер у Беларусі”, якая стала “высокатэхналагічнай дзяржавай”, дзе “забяспечваецца вытворчасць рознай сучаснай тэхнікі, у тым ліку прамысловай і аграрнай”.

“Усё ў вас развіваецца на высокім узроўні”, — сказаў кіраўнік ЛНА. “Мы вельмі хочам развіваць супрацоўніцтва з вамі, каб гэта было ўзаемавыгадна, на карысць дзвюх краін і народаў”, — дадаў фельдмаршал.

Раней паведамлялася, што Хафтар прыбыў у Мінск з візітам для абмеркавання супрацоўніцтва з Беларуссю ў ваеннай сферы. Адзначалася, што бакі маюць намер “абмеркаваць шэраг пытанняў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць”.

Лівійскія СМІ паведамілі 17 лютага, што Хафтара ў Мінску суправаджае сын Садам Хафтар і зяці Басем аль-Буайшы і Аюб аль-Фарджані. У мінскім аэрапорце іх сустракаў старшыня КДБ Іван Церцель.

Лукашэнка наведваў Лівію ў 2000 годзе, у рамках візыту ён правёў перамовы з Муамарам Кадафі. У 2008 годзе Кадафі прыбыў з візітам у Мінск.

Пасля звяржэння і забойства ў 2011 годзе Кадафі (кіраваў у краіне 42 гады) у Лівіі дзейнічаюць два ўрады. У сталіцы Трыпалі дзейнічае прэм’ер-міністр Абдэль Хамід Дбейба, які прызнаецца ААН у якасці часовага кіраўніка дзяржавы. Іншы ўрад — ён месціцца ў Бэнгазі — узначальвае Усама Хамад. Пры гэтым ЛНА, якую ўзначальвае 81-гадовы Хафтар, падпарадкоўваецца Палаце прадстаўнікоў — заканадаўчаму органу Лівіі, які базуецца ў Торбуку.

Падчас актыўнай фазы супрацьстаяння ў Лівіі ЛНА спрабавала захапіць Трыпалі. У СМІ тады паведамлялася, што ў складзе войска Хафтара ваююць найміты расійскай ПВК “Вагнер”.

Падзяліцца: