Мінск 23:15

Вызвалены грамадзянін ЗША — Мікалай Шугаеў, у якога ёсць таксама ўкраінскае грамадзянства

18 лютага, Позірк. Вызвалены 12 лютага ў Беларусі грамадзянін ЗША — 56-гадовы Мікалай Шугаеў, у якога таксама ёсць украінскае грамадзянства, паведаміў тэлеканал “Дождж”.

Адзначаецца, што ў Беларусі Шугаеў жыў з сынам і жонкай, якая напісала на яго данос пасля таго, як адносіны сапсаваліся.

Мужчына паведаміў у інтэрв’ю “Дажджу”, што быў жорстка затрыманы ў чэрвені 2024 года за падпіскі на медыярэсурсы, прызнаныя “экстрэмісцкімі”. Таксама яго абвінавацілі ў незаконным пікетаванні: на аватарцы ў “Тэлеграме” ў яго быў размешчаны сцяг Украіны. У выніку Шугаеў чатыры разы адбыў 15-суткавы адміністрацыйны арышт.

“Пытаюцца: навошта ў цябе на падваконні ляжыць кніга Джорджа Оруэла “1984”? Я кажу: “Як навошта? Чытаю”. Калі праводзілі ператрус, яны канфіскавалі нават гэтую кнігу. У мяне на сцяне ў кватэры віселі два сцягі — амерыканскі і ўкраінскі. Сцягі таксама канфіскавалі”, — сказаў Шугаеў.

Пасля на яго завялі справу паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта) і перавялі ў следчы ізалятар КДБ.

Шугаеў паведаміў, што яму ставілі пытанні, ці працаваў ён на разведку ЗША, Вялікабрытаніі, Украіны, ці займаўся вярбоўкай.

Паводле слоў Шугаева, калі яго 12 лютага вывезлі з СІЗА з мяшком на галаве, ён “з жыццём развітваўся”.

Зараз былы вязень знаходзіцца ў клініцы ў Тэхасе, праходзіць рэабілітацыю. За пяць месяцаў у няволі ён страціў 20 кг, у яго пагоршылася зрок, ёсць падазрэнне на сухоты.

12 лютага ў тэлеграм-канале Святланы Ціханоўскай з’явілася інфармацыя пра вызваленне палітвязняў Андрэя Кузнечыка (супрацоўнік “Радыё Свабода”) і Алены Маўшук, а таксама “грамадзяніна ЗША, імя якога пакуль не раскрываецца”. Былі здагадкі, што гэта беларуска-амерыканскі адвакат Юрый Зянковіч, аднак галоўны дарадца дэмлідара Франак Вячорка паведаміў “Позірку”, што гэта не ён.

Падрабязнасці вывазу Кузнечыка і Маўшук у Літву паведаміў у каментары тэлеканалу CNN намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафер Сміт: “Гэта была спецыяльная аперацыя, падчас якой мы перасеклі беларускую мяжу, прыбылі ў Мінск і сустрэліся з беларускімі калегамі, якія перадалі нам гэтых трох затрыманых”.

Паводле звестак The New York Times, падчас візіту ў Мінск 12 лютага Сміт сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і старшынёй КДБ Іванам Церцелем. На наступны дзень прадстаўнік Дзярждэпартамента правёў у Вільнюсе брыфінг для дыпламатаў: “Наступным крокам, сказаў спадар Сміт, <…> па словах людзей, якія [там] прысутнічалі, з’яўляецца магчымая вялікая здзелка, у межах якой спадар Лукашэнка вызваліць шмат палітычных зняволеных, у тым ліку вядомых. Наўзамен Злучаныя Штаты аслабяць санкцыі ў дачыненні да беларускіх банкаў і экспарту калійных угнаенняў”.

Крыніца, знаёмая з сітуацыяй, паведаміла “Позірку”, што артыкул заснаваны ў асноўным на рэальнай інфармацыі, але ўстрымалася ад далейшых каментароў “у сувязі з выключнай адчувальнасцю тэмы”.

Афіцыйнай інфармацыі аб сустрэчах Сміта або якіх-небудзь іншых членаў дэлегацыі ЗША з Лукашэнкам або Церцелем няма.

Падзяліцца: