Мінск 11:44

Юрасобамі сталі амаль 2 тыс. ІП — міністр эканомікі

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

20 лютага, Позірк. З кастрычніка 2024 года па студзень 2025-га юрыдычнымі асобамі сталі амаль 2 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў, заявіў міністр эканомікі Юрый Чабатар у інтэрв’ю news.by 20 лютага.

Кіраўнік ведамства адзначыў, што штотыдзень такую працэдуру праходзіць каля 100 ІП.

“Паводле нашых ацэнак, статус павінны змяніць прыкладна 24 тыс. прадпрымальнікаў“, — сказаў чыноўнік.

“Летась зафіксаваны гістарычны максімум стварэння юрыдычных асоб — амаль 15 тыс… Задачы на пяцігодку зразумелыя. Сферы прадпрымальніцтва і малога бізнесу будуць у прыярытэце як больш актыўная, мабільная частка камерцыйнага сектара“, — падкрэсліў міністр.

Раней Мінэканомікі паведамляла, што з 1 кастрычніка па 30 снежня 2024 года 1.219 ІП перайшлі ў статус камерцыйнай арганізацыі.

Летась 17 лютага на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі прыватных кампаній першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў заявіў, што доля малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП Беларусі складае “амаль 30%“.

На канец 2024 года было зарэгістравана 393.577 суб’ектаў гаспадарання — на 2,3% менш, чым годам раней (402.721; -2,3%), вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У краіне было зарэгістравана 156.251 юрыдычная асоба (150.239; +4%) і 237.326 індывідуальных прадпрымальнікаў (252.482; -6%).

Сітуацыя ў рэгіёнах:

Брэсцкая вобласць — 15.613 юрыдычных асоб (14.872; +5%) і 32.464 ІП (33.917; -4,3%);

Віцебская вобласць — 13.776 (13.355; +3,2%) і 21.304 (22.117; -3,7%);

Гомельская вобласць — 14.521 (14.069; +3,2%) і 27.624 (28.967; -4,6%);

Гродзенская вобласць — 11.959 (11.707; +2,2%) і 25.409 (27.351; -7,1%);

Мінская вобласць — 27.701 (26.905; +3%) і 44.590 (46.159; -3,4%);

Магілёўская вобласць — 12.259 (12.246; +0,01%) і 23.822 (25.224; +5,6%);

Мінск — 60.422 (57.085; +5,8%) і 62.113 (68.747; -9,6%).

22 красавіка 2024 года Лукашэнка падпісаў закон па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці.

Дакументам прадугледжана дзве катэгорыі, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю: юрыдычныя і фізічныя асобы.

Да юрыдычных асоб аднесеныя малыя арганізацыі з колькасцю працуючых да 100 чалавек, сярэднія — да 250 і буйныя — звыш 250, да фізічных асоб — рамеснікі, уладальнікі аграэкасядзіб, самазанятыя, індывідуальныя прадпрымальнікі.

Асноўныя яго палажэнні набылі моц 1 кастрычніка.

Для ІП, чые віды эканамічнай дзейнасці не ўключаныя ў новы пералік, устаноўлены пераходны перыяд з 1 кастрычніка 2024 года да 31 снежня 2025 года. У гэты тэрмін прадпрымальнікі павінны перарэгістравацца ў камерцыйныя арганізацыі паводле спрошчанай працэдуры, выконваючы патрабаванні заканадаўства.

Задачу мадэрнізаваць фармат працы малога бізнэсу Лукашэнка паставіў перад урадам у чэрвені 2023 года.

У 2022 годзе ён заявіў, што “айцішнікі і іпэшнікі былі ў авангардзе барацьбы ў 2020 годзе”, “вываліліся на вуліцы”.

Падзяліцца: