Мінск 21:36

У 2024 годзе вырасла колькасць непаўналетніх, асуджаных за ўдзел у пратэстах

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

20 лютага, Позірк. У 2024 годзе па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) асуджана 29 непаўналетніх, вынікае з апублікаванай 20 лютага Вярхоўным судом статыстыкі. У 2023 годзе такіх падлеткаў было 23. Гэты артыкул выкарыстоўваецца ў асноўным для палітычнага пераследу ўдзельнікаў пратэстаў у 2020 годзе.

Пры гэтым працягваецца зніжэнне агульнай колькасці асуджаных непаўналетніх: у 2024 годзе іх было 593, у 2023-м — 692, 2022-м — 927.

З 2 да 3 вырасла колькасць непаўналетніх, асуджаных па арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы). З 6 да 3 скарацілася колькасць асуджаных за “абразу прэзідэнта“ (арт. 368).

2 паўналетніх пакараныя за “заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь“ (арт. 361; у 2023 годзе такіх не было), адзін — за “здраду дзяржаве“ (арт. 356; у 2023-м — 0).

І ў 2023-м, і ў 2024 годзе па адным падлетку было пакарана за “гвалт альбо пагрозу ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак“ (арт. 366), і за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369), па два — за гвалт або пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364).

Агулам за ўчыненне злачынстваў супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці, да якіх адносіцца і арт. 342, у 2024 годзе асуджана 179 непаўналетніх (у 2023 годзе — 175).

З іх большасць — 108 — асуджана за хуліганства (арт. 339; годам раней — 126). 26 непаўналетніх асуджана за выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару з выявай непаўналетняга (арт. 3431; 16); па 6 падлеткаў асуджана за выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343; 4) і за апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341; 5).

4 непаўналетніх асуджана за загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы (арт. 340; 1).

За ўчыненне злачынстваў супраць дзяржавы і парадку ажыццяўлення ўлады і кіравання, да якіх адносяцца згаданыя вышэй артыкулы 361, 366, 368 і 369, у 2024 годзе асуджана 15 непаўналетніх, годам раней — 21. З іх тры падлеткі асуджана за загадзя ілжывы данос (арт. 400; 1); 2 — за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак (арт. 363; 5). Не выносіліся ў 2024 годзе прысуды ў дачыненні да непаўналетніх па артыкулах за здзек над дзяржаўнымі сімваламі (арт. 370; 3) і садзейнічанне “экстрэмісцкай дзейнасці“ (арт. 3614; 2).

Колькасць непаўналетніх, асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту, склала 68 (у 2023 годзе — 61).

Колькасць непаўналетніх, асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў без мэты збыту, зменшылася да 12 (у 2023-м — 13). З іх 8 прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі (у 2023 годзе — усім 13). 2 асобы асуджана з адтэрміноўкай выканання пакарання, 1 — з умоўным непрымяненнем пакарання і да 1 ужытыя прымусовыя меры выхаваўчага характару ў выглядзе абмежавання вольнага часу.

З 593 асуджаных непаўналетніх 152 прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на пэўны тэрмін (25,6%, год таму — 140, 20,2%); прыменена адтэрміноўка выканання пакарання да 78 (13,2%; 99, 14,3%); Умоўнае непрымяненне пакарання ўжыта да 15 (2,5%; 32, 4,6%); да 134 ужытыя прымусовыя меры выхаваўчага характару (22,6%; 157, 22,7%).

3 падлеткі (0,5%; 5, 0,7%) вызвалена паводле прыгавору ад адбыцця пакарання; да 211 (35,6%; 259, 37,4%) ужытыя іншыя меры пакарання, вынікае з інфармацыі Вярхоўнага суда за 2024 і 2023 гады.

Падзяліцца: