Мінск 02:36

МУС Грузіі паведаміла аб затрыманні за нарказлачынствы 22 грамадзян, у тым ліку з Беларусі

22 лютага, Позірк. Аб затрыманні 22 чалавек, у тым ліку грамадзян Беларусі, Украіны, Іарданіі і Турцыі паведаміла 21 лютага МУС Грузіі.

Колькасць беларускіх грамадзян не называецца.

Сярод затрыманых — 12 наркагандляроў, з якіх пяць з’яўляюцца замежнікамі (1982, 1994, 1999, 2000 і 2001 гадоў нараджэння).

“Паліцыя на падставе пастановы суддзі праводзіла кантраляваныя закупкі ў асоб, арыштаваных па абвінавачанні ў незаконным абароце наркотыкаў, і таемна ажыццяўляла аўдыё- і відэазапіс гэтых закупак”, — зазначаецца ў паведамленні.

Падчас вобыскаў у дамах і іншых месцах канфіскавана “асабліва вялікая колькасць” розных відаў наркотыкаў, у тым ліку гераін, бупрэнарфін, экстазі, субаксан, метадон, амфетамін, мефедрон, альфа-ПВП і марыхуана.

Канфіскаваны таксама грошы, клейкая стужка і электронныя шалі.

Расследаванне вядзецца па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса Грузіі. Затрыманым пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі альбо пажыццёвае зняволенне.

Паліцэйская аперацыя праходзіла ў Тбілісі і трох рэгіёнах (Аджарыя, Самегрэла — Верхняя Сванеція і Імярэція).

Падзяліцца: