Мінск 13:24

На 1 студзеня 2025 года ў Дзяржкаммаёмасць пададзены заявы аб легалізацыі 36 тыс. самавольна занятых зямельных участкаў

21 лютага, Позірк. На 1 студзеня 2025 года ў Дзяржаўны камітэт па маёмасці паступілі звароты аб легалізацыі каля 36 тыс. самавольна занятых зямельных участкаў, паведаміў у інтэрв’ю выданню “СБ. Беларусь сёння” старшыня камітэта Дзмітрый Матусевіч.

Ён нагадаў, што магчымасць легалізацыі падоўжаная да 1 студзеня 2028 года.

“Таму ў землекарыстальнікаў, якія баяліся не паспець скарыстацца “зямельнай амністыяй”, дастаткова часу, каб вызначыцца са сваімі намерамі”, — сказаў кіраўнік ведамства. Паводле яго слоў, для кагосьці такая ініцыятыва — “нагода аформіць дакументы без легалізацыі, так бы мовіць, прывесці справы ў належны стан (73,5 тыс. выпадкаў)”.

Улічваючы “пазітыўны водгук грамадзян і юрыдычных асоб”, як адзначыў старшыня Дзяржкаммаёмасці, “праца ў гэтым кірунку не спыняецца і знаходзіцца пад пастаянным кантролем”.

Ведамства таксама “ўзмацніла працу” ў дачыненні да жылых дамоў, што пустуюць. Паводле слоў Матусевіча, як паказваюць вынікі мінулага года, грамадзяне актыўна цікавяцца і набываюць такія аб’екты на сяле.

“У 2024-м продажы пустых дамоў выраслі на 40% — новых уласнікаў знайшлі 1.369 дамоў. Дарэчы, каля 60% гэтых аб’ектаў рэалізаваныя за базавую велічыню”, — паведаміў кіраўнік ведамства.

Паводле яго інфармацыі, у 2025 годзе “плануецца ўключыць у гаспадарчы абарот каля 5,5 тыс. жылых дамоў, што пустуюць, і прыблізна 1.180 га занятых імі зямель”.

“З улікам правядзення Года добраўпарадкавання ў параўнанні з 2024-м планавыя паказчыкі павялічаны на чвэрць”, — адзначыў ён.

Закон “Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй” падпісаў 5 снежня 2024 года Аляксандр Лукашэнка.

Сярод іншага дакумент падаўжае да 1 студзеня 2028 года тэрмін узаконьвання самавольна занятых зямельных участкаў (“зямельная амністыя”).

Да прыняцця закона тэрмін “зямельнай амністыі” распаўсюджваўся на перыяд з 1 верасня 2022 года да 1 верасня 2025-га.

На ліпень 2024 года ў Беларусі было выяўлена 79 тыс. фактаў самавольнага заняцця часткі зямель, аднак толькі па 14% з іх была зроблена спроба легалізацыі.

Падзяліцца: