Мінск 20:04

Беларус спрабаваў увезці ў Расію 140 кг гашышу на 3,8 млн еўра — яму пагражае пажыццёвае зняволенне

22 лютага, Позірк. Пра спыненне ўвозу грамадзянінам Беларусі на тэрыторыю Расіі кантрабанднай партыі ў 140 кг гашышу паведаміла Федэральная мытная служба РФ.

Паводле ацэнак спецыялістаў, на чорным рынку кошт такой партыі складае каля 3,805 млн еўра, гаворыцца ў рэлізе.

“Тавар перавозіўся ў пустой фуры, якая прыбыла з Рэспублікі Беларусь пад кіраваннем 43-гадовага мужчыны, у якога не было дакументаў на транспартны сродак, — сказана ў паведамленні. — Пры аглядзе мытнікі выявілі тайнік пад спальным месцам у кабіне кіроўцы. У ім знаходзіліся 150 палімерных брыкетаў з рэчывам цёмна-карычневага колеру і спецыфічным пахам. Экспертыза вызначыла, што гэта наркатычнае рэчыва гашыш”.

Па дадзеным факце распачата крымінальная справа паводле ч. 4 арт. 229.1 КК РФ (кантрабанда наркатычных сродкаў у асабліва буйным памеры), якая прадугледжвае пакаранне да пажыццёвага пазбаўлення волі.

Напрыканцы 2024 года паведамлялася, што ў пункце пропуску Каменны Лог (Мядзінінкай) беларускія мытнікі выявілі ў грузавым аўтамабілі літоўскага перавозчыка больш “88 кг гашышу”.

“6 лістапада начальнік 1-га аддзела 1-га ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Сяргей Мялешчык паведаміў, што за дзевяць месяцаў 2024 года органамі ўнутраных спраў Беларусі было канфіскавана 462,1 кг наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў — у 1,4 разы менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года”.

Падзяліцца: