Мінск 19:43

PEN International заклікаў неадкладна вызваліць Пачобута

Архіўнае фота: sb.by

22 лютага, Позірк. Неадкладна вызваліць палітычнага зняволенага журналіста Анджэя Пачобута заклікала Міжнародная праваабарончая арганізацыя PEN International.

“Андрэй Пачобут — голас тых, каго прымушаюць маўчаць, — лічыць старшыня Камітэта PEN International па перакладзе і моўных правах Урцы Уррутыкаэчэа. — Ён плаціць жахлівую цану за сваю непахісную прыхільнасць да праўды і справядлівасці. За кратамі, пазбаўлены свабод, за якія змагаўся, ён стаў страшным напамінам аб тым, як далёка беларускія ўлады гатовы пайсці, каб задушыць іншадумства.

PEN International выказаў салідарнасць з журналістам і ўсімі, хто несправядліва зняволены. “Ніхто не павінен быць пакараны за тое, што гаворыць праўду”, — падкрэсліў прадстаўнік арганізацыі.

“Гісторыя Пачобута сімвалізуе той від рэпрэсій, з якімі сутыкаюцца пісьменнікі і журналісты, якія адстойваюць правы прыгнечаных меншасцяў. PEN International заклікае да яго неадкладнага вызвалення, а таксама забеспячэння яго неабходнай медыцынскай дапамогай, пакуль ён застаецца за кратамі”, — гаворыцца ў паведамленні.

16 студзеня падчас наведвання Мінскага гарадскога тэхнапарку Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Варшава “адмовілася ад Пачобута”, “адмовіліся весці нават размовы па Пачобуту”. Ён сцвярджаў, што журналіст “не хоча туды ехаць — вось і ўсё пытанне”.

Пасля вынясення палітычна матываванага прыгавору Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.

30 кастрычніка 2024 года міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі падчас выступу ў Сенаце заявіў, што Варшава “па розных каналах“ дамагаецца вызвалення суайчыннікаў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, асаблівая ўвага надаецца журналісту і актывісту ліквідаванага ўладамі Саюза палякаў Анджэю Почобут.

29 жніўня Сікорскі паведаміў, што для вызвалення Пачобута Польшча “спрабуе розныя ідэі”. Чыноўнік выказаў надзею, што “адна з іх нарэшце спрацуе”.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 24 жніўня 2023 года заявіў, што Варшава працягвае працу па вызваленні Пачобута.

Заява PEN International распаўсюджана ў сувязі з Міжнародным днём роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.

“Не забіваць жаданне размаўляць на беларускай мове” заклікала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Падзяліцца: