Мінск 01:39

У Латвіі прапанавалі забараніць пасажырскія перавозкі ў Беларусь і Расію

22 лютага, Позірк. Нацыянальнае аб’яднанне “Усё для Латвіі!” — “Айчыне і свабодзе/ДННЛ” унесла ў парламент краіны законапраект аб забароне пасажырскіх перавозак у Беларусь і Расію.

Як паведамляе Delfi са спасылкай на агенцтва LETA, дэпутат Нацаб’яднання Яніс Вітэнбергс адзначыў, што пасажырскія перавозкі працягваюцца, “нягледзячы на пастаянныя заклікі не ездзіць у гэтыя краіны з улікам высокіх рызык вярбоўкі, разведкі і правакацый”, “ствараючы пагрозу бяспецы” Латвіі.

Акрамя таго, паводле слоў парламентарыя, на гэтых рэйсах “перавозяцца санкцыйныя тавары”.

Нацаб’яднанне лічыць мэтазгодным пачаць перамовы з іншымі балтыйскімі дзяржавамі аб увядзенні агульнай забароны.

У законапраекце адзначана, што ўраду неабходна да 17 сакавіка “падрыхтаваць распараджэнне аб закрыцці памежных пунктаў для грамадскага пасажырскага транспарту”.

Цяпер латвійскія кампаніі прапануюць дзевяць маршрутаў у Беларусь і Расію.

11 лютага стала вядома, што кіруючая партыя “Новае адзінства” ініцыявала прыняцце ў Сейме Латвіі паправак у закон “Аб турызме”, якія прадугледжваюць “увядзенне забароны для пастаўшчыкоў турыстычных паслуг прапаноўваць і аказваць такія паслугі на тэрыторыі Расіі і Беларусі”.

Улады Латвіі рэгулярна заклікаюць сваіх грамадзян не наведваць Беларусь з меркаванняў бяспекі. У кастрычніку 2024 года МЗС паведаміла, што валодае інфармацыяй аб 26 суграмадзянах, арыштаваных у Беларусі.

Нацыянальнае аб’яднанне “Усё для Латвіі!” — “Айчыне і свабодзе/ДННЛ” — нацыянал-кансерватыўная палітычная партыя Латвіі, якая ўваходзіць у парламент (13 з 100 месцаў).

У снежні 2024 года яна была найбольш папулярнай палітычнай сілай краіны з рэйтынгам 9,9% (у “Новага адзінства” — 6,7%).

Падзяліцца: