Мінск 01:55

Прадстаўнік Мінабароны абвінаваціў Захад у падрыхтоўцы нападу на Саюзную дзяржаву

Фота: прэс-служба Мінабароны

20 лютага, Позірк. Беларусь разглядае працэсы, якія адбываюцца ля яе заходніх межаў, як “падрыхтоўку да нападу на саюзную дзяржаву з мэтай яе разбурэння і жаданне рэалізаваць рэваншысцкія настроі ў дачыненні да Беларусі і Расеі“, заявіў начальнік дэпартамента міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Валерый Равенка на брыфінгу для замежных вайсковых аташэ 20 лютага.

“Усе маштабныя працэсы, якія адбываюцца па мілітарызацыі рэгіёну, разглядаюцца намі як патэнцыйная знешняя ваенная небяспека, здольная пры пэўных умовах прывесці да ваеннага канфлікту“, — прыводзіць словы ваеначальніка прэс-служба ведамства.

Паводле яго слоў, правядзенне рабочых сустрэч па пытаннях рэгіянальнай бяспекі, дадатковы абмен ваеннай інфармацыяй і ўзаемная інспекцыйная дзейнасць маглі б спрыяць “аднаўленню даверу і бяспекі ў рэгіёне“.

Замест гэтага, сцвярджае Равенка, палітычнае кіраўніцтва суседніх дзяржаў “упарта пазбягае гэтых відавочных і разумных крокаў, працягваючы рэалізоўваць адкрыта агрэсіўныя і варожыя наратывы ва ўсіх сферах”.

Паводле сцвярджэння прадстаўніка Мінабароны, “адкрытасць і транспарэнтнасць“ ваеннай дзейнасці — “нязменная частка палітыкі незалежнай беларускай дзяржавы”.

Характарызуючы ваенна-палітычную абстаноўку вакол Беларусі, ён звярнуў увагу на “паскораныя тэмпы“, з якімі нібыта “працягваецца мадэрнізацыя тактычнай ядзернай зброі ЗША, размешчанай у Еўропе“.

Разам з тым аб размяшчэнні расійскай тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, мяркуючы па прэс-рэлізе, нічога сказана не было.

“Маштабная прысутнасць і нарошчванне кааліцыйных войскаў на “ўсходнім флангу“ НАТО суправаджаецца высокай вайсковай актыўнасцю“, — заявіў спікер, нагадаўшы, што праведзеная ў рэгіёне серыя манёўраў “Абаронца-2024“ стала “беспрэцэдэнтнай паводле свайго геаграфічнага размаху і колькасці прыцягнутых сіл і сродкаў“.

Паводле слоў Равенкі, Мінск працягвае кантактаваць з ваеннымі дыпламатамі асобных дзяржаў — членаў НАТО на прадмет абмену інфармацыяй аб мерапрыемствах аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, якія праводзяцца як у Беларусі, так і ў Еўропе.

У верасні запланаваныя стратэгічныя беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні “Захад-2025“.

У інтэрв’ю тэлеканалу “ВаенТБ” на пачатку студзеня Равенка паведаміў, што да манеўраў плануецца прыцягнуць больш за 13 тыс. чалавек. З гэтай прычыны ўлады ў Мінску “былі абавязаныя і ўжо апавясцілі ўсе дзяржавы — ўдзельніцы Венскага дакумента” пра намер правесці такія манеўры, а таксама іх тэрміны і колькасць войскаў.

Паводле слоў Равенкі, “задума выпрацоўваецца, каго [з ваенных назіральнікаў] запрасіць на якія этапы”. “Мы ставімся станоўча і да шэрагу дзяржаў — членаў Еўрасаюза, асобных краін — сябраў НАТО“, — заявіў прадстаўнік Мінабароны. У той жа час, падкрэсліў ён, да назірання плануецца запрасіць дэлегацыі “саюзнікаў, сяброў, партнёраў“ рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Летась у кастрычніку міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін назваў вучэнні “Захад-2025“ “галоўнай падзеяй”. Паводле яго слоў, манеўры створаць умовы “далейшага ўдасканалення дзеючай сістэмы забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы“.

“Мерапрыемствы такога маштабу дазваляюць на практыцы праверыць узровень баявой гатоўнасці рэгіянальнай групоўкі і здольнасць войскаў сумесна выконваць пастаўленыя задачы“, — заявіў Хрэнін.

Мінск рэгулярна праводзіць з Масквой сумесныя ваенныя вучэнні, у тым ліку стратэгічныя.

Расійскія войскі, якія прыбылі на беларускую тэрыторыю для ўдзелу ў вучэннях “Саюзная рашучасць — 2022“, пасля іх заканчэння не былі з яе выведзеныя і выкарыстоўваліся для ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года.

21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Лукашэнка паведаміў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзеная 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пазней паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.

Падзяліцца: