Мінск 23:39

Гардон: Лукашэнка яшчэ боўтаецца дзякуючы Украіне

Дзмітрый Гардон (справа) бярэ інтэрв'ю ў Аляксандра Лукашэнкі ў жніўні 2020 года
Фота: сайт Лукашэнкі

23 лютага, Позірк. “Геапалітычная задача” Уладзіміра Пуціна — “падпарадкаванне і кантроль над Украінай, Беларуссю, Грузіяй, Арменіяй і Малдовай”. Такое меркаванне выказаў вядомы ўкраінскі журналіст Дзмітрый Гардон у эфіры мясцовага “24 канала”.

“Краіны Балтыі ўжо адарваліся. А гэтыя краіны, якія я пералічыў, — гэта яго была глабальная мэта”, — сказаў Гардон.

Паводле яго слоў, Украіну ніколі не збіраліся браць у НАТО, таму Пуцін хацеў яе заваяваць і “аднавіць умоўны Савецкі Саюз”.

“Я хачу падкрэсліць, што мэта заваяваць Украіну нікуды не падзелася. Ён (Пуцін. — “Позірк”.) па-ранейшаму хоча быць у Кіеве, ён па-ранейшаму хоча, каб Украіна стала часткай Расіі. Мы не павінны расслабляцца ў гэтым плане. Яго мэты не змяніліся. І я і жартам, і сур’ёзна кажу, чаму самы галоўны прыхільнік перамогі Украіны ў гэтай вайне — Лукашэнка. Таму што калі ўпадзе Украіна, крый божа, пастукаю тры разы па дрэве, то Лукашэнка проста ў тую ж хвіліну стане часткай Расіі. Ён нават не заўважыць, як гэта адбылося. А так ён яшчэ боўтаецца дзякуючы Украіне”, — лічыць Гардон.

5 жніўня 2020 года, за чатыры дні да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, Дзмітрый Гардон узяў інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі, які тады заявіў, што з беларускай тэрыторыі расіяне не ўвойдуць ва Украіну “ні-ко-лі”, “тым больш са зброяй”. 24 лютага 2022 года частка расійскіх войскаў уварвалася ва Украіну з Беларусі.

Пасля падзей жніўня 2020 года Гардон неаднаразова крытыкаваў Лукашэнку, у тым ліку за саўдзел у расійскай агрэсіі. 1 сакавіка 2022 года беларускія ўлады ў асобе Міністэрства інфармацыі заблакавалі доступ на тэрыторыі краіны да створаных Гардонам інтэрнэт-СМІ.

Падзяліцца: