Мінск 12:40

Лукашэнка заклікаў Эстонію, якая не мяжуе з Беларуссю, “супрацоўнічаць і размаўляць з суседзямі”

Талін
Ілюстрацыйнае фота: Julia Solonina / unsplash.com

24 лютага, Позірк. Перашкодай да “аднаўлення ўзаемнага дыялогу” Беларусі і Эстоніі на цяперашнім этапе з’яўляюцца “штучна створаныя бар’еры”, такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 24 лютага народ гэтай балтыйскай дзяржавы з Днём Незалежнасці.

Паводле яго сцвярджэння, Беларусь “надае вялікае значэнне захаванню заснаваных на гістарычнай і культурнай блізкасці, шматгадовай дружбе і ўзаемнай павазе прыязных стасункаў з Эстоніяй”. “Трэба берагчы і паважаць падораную нам нашымі продкамі спадчыну”, — гаворыцца ў пасланні, апублікаваным прэс-службай віншавальніка.

Лукашэнка лічыць, што Мінск і Талін сумеснымі намаганнямі могуць пераадолець “часовыя абмежаванні”, якія перашкаджаюць “росквіту і дабрабыту” дзвюх краін. На яго думку, “самы правільны шлях” заключаецца ў тым, каб “супрацоўнічаць і размаўляць з суседзямі нават у супярэчлівы час, старацца вырашаць усё мірна”. Беларусь, як сцвярджае віншавальнік, “заўсёды была і застаецца прыхільніцай менавіта такога падыходу”.

Варта адзначыць, што краіны не маюць агульнай мяжы. Беларусь мяжуе з Латвіяй, Літвой, Польшчай, Расіяй і Украінай; Эстонія — з Латвіяй, Расіяй і Фінляндыяй.

30 снежня 2024 года прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка падоўжыў да канца 2025-га забарону на ўвоз і рэалізацыю ў Беларусі асобных відаў тавараў, а таксама на імпарт паслуг з “недружалюбных краін”. Пры гэтым было акцэнтавана, што ў забаронены пералік уключаныя “асобныя тавары, што паходзяць з Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі”, якія афіцыйны Мінск, відаць, лічыць асабліва “недружалюбнымі”.

Амбасадар Беларусі ў Эстоніі быў адкліканы ў Мінск “на кансультацыі” 1 кастрычніка 2022 года, а затым вызвалены ад пасады.

Эстонія з’яўляецца членам Еўрасаюза і, адпаведна, прымяняе ўсе санкцыі ЕС, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі. Пасаду вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі займае эстонка Кая Калас. У сумеснай заяве з камісарам па пытаннях пашырэння ЕС Мартай Кос 26 студзеня яна адзначыла, што “выбары”, якія праходзілі ў той дзень у Беларусі, былі “пазбаўленыя ўсялякай легітымнасці”.

Падзяліцца: