Мінск 13:38

Беларусь у чарговы раз выплаціла працэнты па еўрабондах рублямі замест долараў

24 лютага, Позірк. Міністэрства фінансаў 24 лютага паведаміла пра чарговую выплату працэнтнага даходу па еўрааблігацыях Belarus-2026 і Belarus-2031.

Паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, памер выплат склаў 38,6 млн долараў ЗША ў эквіваленце. Такім чынам, улады працягваюць разлічвацца не доларамі, а рублямі.

“Сродкі ў поўным аб’ёме“ былі залічаны на асобны банкаўскі рахунак у “Беларусбанку”.

Пра выплату 27 і 30 снежня 2024 года працэнтнага даходу па еўрааблігацыях Belarus-2027 у памеры 22,8 млн долараў у эквіваленце Мінфін паведамляў 31 снежня.

27 снежня Мінфін абвясціў правядзенне першага замяшчэння беларускіх еўрааблігацый (тэрмін пагашэння-29 чэрвеня 2027 года) дзяржаўнымі аблігацыямі. “Дзяржаўныя аблігацыі выпуску № 331 на суму 240,4 млн долараў пераведзеныя ва ўліковую інфраструктуру Нацыянальнага разліковага дэпазітарыя (РФ) для залічэння на рахункі трымальнікаў еўрааблігацый“, — адзначыла ведамства.

Замена праведзена 1.760 трымальнікам, якія прайшлі верыфікацыю ў Рэспубліканскім цэнтральным дэпазітарыі каштоўных папер (Беларусь). “У рамках замены выплачваецца раней акумуляваны працэнтны даход з улікам пацверджання трымальнікамі правоў валодання дадзенымі каштоўнымі паперамі на адпаведныя даты выплат даходу“, — падкрэсліў Мінфін.

28 чэрвеня 2022 года Савет міністраў і Нацыянальны банк прынялі сумесную пастанову, згодна з якой “выкананне даўгавых абавязацельстваў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка на дату плацяжу”.

З тых часоў Беларусь практыкуе пералік плацяжоў па даўгах у рублях на спецрахунку ў “Беларусбанку”.

Улады настойваюць, каб плацежны агент самастойна забіраў сродкі з гэтага рахунку і разлічваўся з інвестарамі. Кампаніі Citigroup і Citibank адмовіліся выступаць агентамі ў дачыненні да беларускіх еўрабондаў.

Неўзабаве пасля гэтага міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Fitch Ratings і Moody’s панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі: першае заявіла, што дэфолт у краіне непазбежны, другое назвала сітуацыю дэфолтам.

Беларусь “сутаргава шукае рашэнні, як выканаць абавязацельствы перад інвестарамі”, якія набылі беларускія еўрааблігацыі, заявіў 29 ліпеня 2024 года саветнік-пасланнік амбасады Беларусі ў РФ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі.

“Беларусь апынулася ў форс-мажорнай сітуацыі. На момант набыцця гэтых еўрабондаў юрыдычных рашэнняў аб увядзенні санкцый не было. Мы цяпер, як і Расія, знаходзімся пад санкцыямі Захаду. Зразумела, што на сённяшні дзень патрабаваць выконваць гэтыя абавязацельствы ў замежнай валюце, як мне здаецца, некарэктна”, — сказаў ён.

Падзяліцца: