Мінск 02:33

Праз тры месяцы пасля заявы Лукашэнкі аб магчымым усталяванні бязвізу з Пакістанам краіны абмеркавалі консульскія пытанні

25 лютага, Позірк. Аб першых у гісторыі двухбаковых адносін беларуска-пакістанскіх кансультацыях па консульскіх пытаннях, якія адбыліся ў Ісламабадзе 25 лютага, паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі.

Дэлегацыю ўзначаліў намеснік міністра Яўген Шастакоў.

Абмеркаваны “шырокі спектр пытанняў, якія датычацца консульскага супрацоўніцтва, адукацыі, міграцыйнай палітыкі дзвюх краін, двухбаковай дагаворна-прававой базы ў гэтай сферы, а таксама ў сферы барацьбы са злачыннасцю”.

У беларускім знешнепалітычным ведамстве не ўдакладнілі, ці абмяркоўвалася ўстанаўленне бязвізавага рэжыму (прапанова агучана пакістанскім бокам падчас візіту ў Ісламабад Аляксандра Лукашэнкі).

“Мы пачулі вас наконт бязвізу. Міністр замежных спраў ведае вельмі добра нашу палітыку. Думаю, што і тут асаблівых у нас праблем не будзе”, — заявіў Лукашэнка 26 лістапада на перамовах з пакістанскім прэм’ер-міністрам Шахбазам Шарыфам.

Цяпер грамадзяне Пакістана маюць права бязвізавага ўезду ў Беларусь праз пункты пропуску ў аэрапортах краіны “пры наяўнасці ў дзейсным дакуменце для выезду за мяжу дзейснай шматразовай візы дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза або дзяржаў — удзельніц Шэнгенскай зоны” з адзнакай аб уездзе на тэрыторыю згаданых дзяржаў, а таксама “авіябілетаў с пацверджаннем даты вылету” з Беларусі. Беларускія грамадзяне могуць наведваць Пакістан толькі пры наяўнасці візы.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і краін Еўрапейскага саюза працягваецца міграцыйны крызіс. Сярод нелегалаў, якія спрабуюць патрапіць у ЕС з беларускай тэрыторыі, ёсць і грамадзяне Пакістана.

1 лютага прэс-служба Лукашэнкі паведаміла пра яго тэлефонную размову з Шарыфам, падчас якой былі абмеркаваны “дэталі візіту прэм’ер-міністра Пакістана ў Беларусь, які мае адбыцца”.

Падзяліцца: