Мінск 13:59

Рыжанкоў у Жэневе абвінаваціў краіны Захаду ў парушэнні норм і прынцыпаў ААН

26 лютага, Позірк. Група сяброў у абарону Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый выконвае “важную місію” па адстойванні норм і прынцыпаў ААН, якія “груба і сістэматычна парушаюцца групай заходніх краін з выкарыстаннем пагроз і шантажу”, заявіў кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў 25 лютага ў Жэневе (Швейцарыя) на сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый краін — членаў згаданай групы.

“Досвед наведвання міністрам замежных спраў Беларусі краін Блізкага Усходу паказаў, што многія праблемы маглі б быць вырашаныя пры выкананні ўсімі ўдзельнікамі міжнародных стасункаў сваіх абавязацельстваў у адпаведнасці са Статутам ААН, — сцвярджае прэс-служба знешнепалітычнага ведамства. — Кіраўнік беларускай дыпламатыі пацвердзіў каштоўнасць ААН як незаменнай платформы для прасоўвання міру, устойлівага развіцця і правоў чалавека”.

Апрача Беларусі ў згаданую групу ўваходзяць Алжыр, Ангола, Балівія, Венесуэла, Палестына (як назіральніца ААН), Зімбабвэ, Іран, Камбоджа, Кітай, КНДР, Куба, Лаос, Нікарагуа, Расія, Сэнт-Вінсэнт і Грэнадзіны, Сірыя, Экватарыяльная Гвінея і Эрытрэя.

На сустрэчы з намеснікам генеральнага сакратара ААН — гендырэктарам аддзялення Арганізацыі ў Жэневе Таццянай Валавой Рыжанкоў паведаміў пра “прыярытэты беларускага старшынства ў Еўразійскім эканамічным саюзе ў 2025 годзе”. “Суразмоўцы абмеркавалі пытанні пазіцыянавання ЕАЭС на міжнародных пляцоўках і, у першую чаргу ў ААН, і абазначылі шэраг сумесных крокаў на гэтым напрамку”, — гаворыцца ў паведамленні.

Беларускі чыноўнік у гутарцы з Валавой, якая сярод іншага з’яўляецца генеральным сакратаром Канферэнцыі ААН па раззбраенні, “пацвердзіў прынцыповую зацікаўленасць Беларусі ў аднаўленні інклюзіўнага і прадметнага глабальнага дыялогу” ў галіне бяспекі і раззбраення.

Як сцвярджаецца, у якасці “ўнёску Беларусі ў зніжэнне міжнароднай напружанасці” Рыжанкоў прадставіў суразмоўніцы “беларускую ініцыятыву па распрацоўцы Еўразійскай Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі, падтрыманую Расійскай Федэрацыяй і адкрытую для ўсіх зацікаўленых дзяржаў кантынента, падкрэсліўшы яе патэнцыял для забеспячэння адзінай і непадзельнай бясьпекі для ўсіх”.

Беларуская дэлегацыя на чале з Рыжанковым 24–26 лютага 2025 года наведвае Жэневу для ўдзелу ў “сегментах высокага ўзроўню” 58-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) і Канферэнцыі па раззбраенні.

19 сакавіка на гэтай жа сесіі СПЧ адбудзецца інтэрактыўны дыялог па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на падставе першага даклада адмыслова створанай незалежнай групы экспертаў.

У дакладзе канстатуецца, што беларускі ўрад “здзейсніў шырокамаштабныя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва”. Гэтыя парушэнні, на думку групы, з’яўляюцца “часткай жорсткіх намаганняў па задушэнні любой апазіцыі праўленню прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі”. Пры гэтым “некаторыя з гэтых парушэнняў прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасці”.

Рыжанкоў раскрытыкаваў ЕС у ААН і заклікаў "правесці глабальную перазагрузку ў сферы правоў чалавека“

25 лютага, Позірк. "Правесці глабальную перазагрузку ў сферы правоў чалавека ў мэтах мінімізацыі канфліктнага патэнцыялу праваабарончай тэматыкі" прапанаваў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў на сегменце высокага ўзроўню 58-й сесіі Савета ААН па правах чалавека 24 лютага ў Жэневе (Швейцарыя). …
Падзяліцца: