Мінск 22:48

Мінфін анансаваў чарговае замяшчэнне еўрабондаў дзяржаблігацыямі

Ілюстрацыйнае фота: "Эканамічная газета"

26 лютага, Позірк. 28 лютага 2025 года адбудзецца “планавая замена” беларускіх еўрааблігацый з пагашэннем 28 лютага 2030 года (Беларусь-2030, ISIN XS1760804184 / US07737JAC71) на дзяржаўныя аблігацыі выпуску № 336, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Адзначаецца, што “да працэдуры дапушчаныя заяўкі, пададзеныя трымальнікамі і верыфікаваныя ў парадку, вызначаным пастановай урада і Нацыянальнага банка № 643/20 ад 26 верасня 2022 года “Аб правядзенні асобных аперацый з дзяржаўнымі каштоўнымі паперамі”.

Дэпазітарый-нерэзідэнт — Нацыянальны разліковы дэпазітарый (РФ). Намінальны кошт адной аблігацыі 1.000 долараў.

Памеры ставак працэнтнага даходу, тэрміны яго выплаты і пагашэння аблігацый адпавядаюць стаўкам і тэрмінам па еўрааблігацыях Беларусь-2030.

Разлікі па аблігацыях “будуць праводзіцца ў беларускіх рублях” паводле курсу Нацбанка, вызначаным за “тры працоўныя дні да даты пагашэння аблігацый і (або) выплаты працэнтнага даходу”.

У рамках замены трымальнікам будзе выплачаны акумуляваны працэнтны даход па еўрааблігацыях Беларусь-2030 з улікам пацвярджэння імі правоў валодання каштоўнымі паперамі на адпаведныя даты выплаты даходу, вызначаныя эмісійнымі дакументамі.

Апошнім разам замяшчэнне праводзілася 24 лютага. Аблігацыі замянілі 1.149 трымальнікам, якія прайшлі верыфікацыю ў Рэспубліканскім цэнтральным дэпазітарыі каштоўных папер.

27 снежня 2024 года Мінфін паведаміў пра правядзенне першага замяшчэння беларускіх еўрааблігацый выпуску № 331 з пагашэннем 29 чэрвеня 2027 года дзяржаблігацыямі на суму 240,4 млн долараў. Замена праведзена 1.760 трымальнікам.

Працэс замяшчэння аблігацый анансаваў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў 10 лістапада 2024 года.

Тады ён заявіў, што асноўная маса трымальнікаў беларускіх еўрабондаў, тэрмін выплаты па якіх на той момант ужо надышоў, свае грошы атрымала. “Знойдзены механізм, якім чынам яны пераводзяць на нашы рахункі аблігацыі, мы пераводзім ім у беларускіх рублях плацяжы, і гэты механізм працуе”, — сказаў Селіверстаў.

Пытанні пагашэння “тых папер, тэрмін пагашэння па якіх яшчэ не наступіў, але яны таксама па сутнасці заблакаваныя”, паводле слоў чыноўніка, будзе вырашацца шляхам выпуску “замяшчальных аблігацый”. “Цяпер мы збіраем заяўкі, <…> у снежні першае замяшчэнне мы зробім, і ўжо на наступныя выпускі, 2026 года, будзем працаваць па гэтым напрамку. Банк развіцця, дарэчы, у рамках такога ж механізму па сваіх нарматыўных паперах таксама пачаў выплаты, і гэты працэс ідзе”, — адзначыў тады чыноўнік.

28 чэрвеня 2022 года Савет міністраў і Нацыянальны банк прынялі сумесную пастанову, згодна з якой “выкананне даўгавых абавязацельстваў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях паводле курсу Нацбанка на дату плацяжу”.

З таго часу Беларусь практыкуе пералічэнне плацяжоў па даўгах у рублях на спецрахунак у “Беларусбанку”. 24 лютага паведамлялася пра чарговую выплату працэнтнага даходу па еўрааблігацыях Belarus-2026 і Belarus-2031.

Паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, памер выплат склаў 38,6 млн долараў ЗША ў эквіваленце. Такім чынам, улады працягваюць разлічвацца не доларамі, а рублямі.

Падзяліцца: