Мінск 12:56

Міністр інфармацыі Маркаў патрабуе ад падначаленых “якаснай контрпрапаганды”

Фота: Мінінфарм

28 лютага, Позірк. “Якасную контрпрапаганду” назваў адной з ключавых задач для дзяржСМІ міністр інфармацыі Марат Маркаў на пасяджэнні калегіі ведамства 27 лютага ў Мінску.

Міністэрства інфармацыі за 2024 год заблакавала больш за 3.150 інтэрнэт-рэсурсаў, якія, паводле яго сцвярджэння, “фактычна былі дэструктыўнай накіраванасці”: “Пры гэтым за 10 гадоў гэта каля 15 тысяч” (раней ён паведамляў аб 15.150. — “Позірк”.).

“Гэтыя лічбы паказваюць, што ўвага да нас з боку апанентаў не зменіцца”, — заявіў Маркаў.

Такія дзеянні ведамства яго кіраўнік апраўдаў тым, што “ніхто не адмяняў інфармацыйную барацьбу”, а нібыта “ў тое, каб расхістаць сёння сітуацыю ў Беларусі, укладваюцца мільярды”.

Паводле сцвярджэння чыноўніка, “колькасць карыстальнікаў у рэспубліканскіх СМІ на “Ютубе” за год вырасла на 44% да 7,5 млн: “Калі мы такімі тэмпамі будзем прырастаць, значыць, можна будзе казаць аб тым, што мы выконваем сваю задачу па прыцягненні ў першую чаргу моладзевага асяроддзя да нашых дзяржаўных СМІ”.

Маркаў таксама дадаў, што ў 2024 годзе “дзяржава ўпершыню ў практычным плане звярнула ўвагу на блогасферу“: “Гэта адзін з інструментаў, які раней дзяржава разглядала па рэшткавым прынцыпе. Але ён павінен стаць адным з дзейсных інструментаў, каб уплываць у тым ліку і на моладзь“.

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў заявіў, што прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі 26 студзеня (не прызнаныя дэмакратычнымі краінамі. — “Позірк”.), даказваюць, што ўлады “кантралююць інфармацыйнае поле”.

“Тыя, хто па-ранейшаму супрацьстаіць нам па тым боку барыкад, — гэта людзі тэхналагічныя і падступныя. Няхай яны абмежаваны на некаторы час у вялікіх рэсурсах. Але ўсё ж гэтыя рэсурсы ў іх з’явяцца. І напэўна гэтае супрацьстаянне працягнецца. У першую чаргу барацьба за розумы тых, хто маладзейшы, хто павінен прыйсці на выбарчыя ўчасткі ў 2030 годзе”, — сказаў ён.

Пасля падаўлення маштабных пратэстаў супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткасці сілавікоў рэжым Аляксандра Лукашэнкі стаў метадычна знішчаць непадкантрольную яму частку медыясектара. Асноўныя незалежныя СМІ былі разгромленыя, многія іх супрацоўнікі патрапілі пад крымінальны пераслед ці былі вымушаныя пакінуць краіну, ратуючыся ад рэпрэсій, і аднавіць працу за мяжой.

Дзейнасць і матэрыялы незалежных СМІ метадычна абвяшчаюцца “экстрэмісцкімі”, за супрацоўніцтва з імі пагражае крымінальная адказнасць.

Па дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, у няволі знаходзіцца 40 прадстаўнікоў медыя.

(Паводле матэрыялаў дзяржСМІ і тэлеграм-канала Мінінфарма.)

Кіраўнік Мінінфарма Маркаў заклікаў прапагандыстаў рыхтавацца да прэзідэнцкіх выбараў 2030 года

1 лютага, Позірк. "Цывілізаванымі" назваў сёмыя прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі ў Беларусі, міністр інфармацыі Марат Маркаў у праграме "Клуб рэдактараў “на тэлеканале “Беларусь 1" 31 студзеня. Паводле яго слоў, гэта была“ самая паліттэхналягічная" выбарчая кампанія з боку ўладаў у параўнанні …
Падзяліцца: