Мінск 14:19

Сейм Латвіі мае намер забараніць сваім грамадзянам аказваць турпаслугі ў Беларусі

Рыга
Архіўнае фота: "Позірк"

27 лютага, Позірк. Латвійскім пастаўшчыкам турыстычных паслуг будзе забаронена прапаноўваць і аказваць турыстычныя паслугі ў Расіі і Беларусі — згодна з папраўкамі, канцэптуальна ўхваленымі Сеймам 27 лютага, паведамляе яго прэс-служба.

Удакладняецца, што забарона будзе ўведзеная санкцыямі, ужо ўведзенымі супраць Масквы і Мінска.

Гаворыцца, што “бяспека, здароўе і нават жыццё грамадзян Латвіі могуць аказацца пад сур’ёзнай пагрозай у выніку турыстычных паездак”. Папраўкі таксама накіраваныя на зніжэнне рызык магчымых парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да іх.

Асацыяцыя турыстычнай індустрыі, паводле інфармацыі прэс-службы Сейма, заклікала “адмовіцца ад паездак у краіны-агрэсары”. Паводле прыведзеных звестак, зараз у Латвіі паездкі ў РФ не арганізуюцца, а ў Беларусь падарожжа прапануюць чатыры тураператары.

Каля 10% ад агульнай колькасці перасячэнняў латвійска-беларускай мяжы з’яўляюцца арганізаванымі, астатнія — ажыццяўляюцца самастойна, сказана ў рэлізе.

Паводле звестак Дзяржпагранкамітэта, з 17 да 24 лютага Беларусь у бязвізавым парадку наведалі 3.892 жыхары еўрапейскіх дзяржаў, у тым ліку 1.184 грамадзяніны і неграмадзяніны Латвіі. З 15 красавіка 2022 года краіну наведала 332.757 грамадзян і неграмадзян Латвіі.

11 лютага стала вядома, што кіроўная партыя “Новае адзінства” ініцыявала прыняцце ў Сейме Латвіі паправак у закон “Аб турызме”, якія прадугледжваюць “увядзенне забароны для пастаўшчыкоў турыстычных паслуг прапаноўваць і аказваць такія паслугі на тэрыторыі Расіі і Беларусі”.

Улады Латвіі рэгулярна заклікаюць сваіх грамадзян не наведваць Беларусь па меркаваннях бяспекі. У кастрычніку 2024 года МЗС паведаміла, што валодае інфармацыяй аб 26 суграмадзянах, арыштаваных у Беларусі.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: