Мінск 17:56

У 2024 годзе колькасць урачоў у сістэме аховы здароўя павялічылася на 200 — вакансій у 13 разоў больш

Ілюстрацыйнае фота: "Мінск-навіны"

28 лютага, Позірк. Колькасць урачоў у сістэме аховы здароўя павялічылася ў 2024 годзе на 200, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя са спасылкай на кіраўніка ведамства Аляксандра Хаджаева.

“Працуем над тым, каб наша служба, якая сапраўды вельмі запатрабаваная насельніцтвам, заўсёды была забяспечаная не толькі матэрыяльнымі, але і кадравымі рэсурсамі”, — заявіў ён 28 лютага на пасяджэнні калегіі ведамства.

Паводле слоў Хаджаева, “прарыўныя тэхналогіі” беларускай сістэмы аховы здароўя “сканцэнтраваныя на трох кірунках: трансплантацыя органаў, анкалогія і кардыялогія”.

“У гэтых напрамках мы дасягнулі ўзроўняў, што адпавядаюць сусветным стандартам. І нашыя ўрачы працуюць над тым, каб гэтыя стандарты былі даступныя не толькі ў іх буйных клініках. Гэтыя стандарты павінны быць даступныя на ўсіх узроўнях з пункту гледжання таго, дзе гэта рабіць неабходна. Працуем над тым, каб яны ўкараняліся ў абласных цэнтрах”, — адзначыў Хаджаеў.

На 1 студзеня 2024 года ў Беларусі было 47.500 практыкуючых урачоў і 112.208 сярэдніх медработнікаў, паведаміў Хаджаеў у чэрвені. Паводле яго сцверджання, паказнік укамплектаванасці ўрачамі склаў 95,8%, сярэднім персаналам — 97,4%, каэфіцыент сумяшчальніцтва не перавышаў аптымальны (1,25).

Са слоў міністра вынікала, што ў краіне расце колькасць практыкуючых урачоў, але змяншаецца колькасць медсясцёр.

31 снежня 2024 года падчас наведвання Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неабходна стварыць усе ўмовы, каб беларускія медыкі “працавалі на роднай зямлі, а не бегалі па свеце ў пошуках лепшага жыцця”.

27 кастрычніка 2023 года Лукашэнка выказаўся пра дэфіцыт медыкаў: “Так, у нас недзе не хапае дактароў. Некаторыя лекары збеглі са сваёй прафесіі і чорт ведае чым займаюцца. З часам мы і гэтую праблему вырашым”.

Медыцынская галіна сутыкнулася з дэфіцытам кадраў у тым ліку з прычыны ганенняў на не адданых рэжыму работнікаў пасля масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года на карысць Лукашэнкі.

У статыстычным аглядзе праваабарончага цэнтра “Вясна” за 2024 год гаворыцца аб 17 урачах, якія знаходзяцца ў няволі. Дакладная колькасць медыкаў, якія выехалі з краіны або пакінулі прафесію з-за рэпрэсій, невядомая.

У Рэспубліканскім банку вакансій на 28 лютага размешчана 2.702 вакансіі ўрача-спецыяліста, ёсць 3.705 месцаў.

Раней у банку ўказвалася толькі колькасць вакансій урачоў-спецыялістаў, якіх на канец студзеня 2025 года было больш за 4,3 тыс., на 14 чэрвеня 2024 года — амаль 5 тыс.

Міністэрства аховы здароўя займаецца фальсіфікацыяй статыстыкі, заявіў “Позірку” ў красавіку 2024 года намеснік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы ўрач Станіслаў Салавей.

Ён спаслаўся на справаздачу Грамадзянскага маніторынгу сістэмы аховы здароўя. У ім са спасылкай на даведнік Белстата “Беларусь у лічбах 2023” гаварылася аб павелічэнні колькасці ўрачоў за перыяд з 2019 па 2021 гады. Пры гэтым выкарыстоўвалася пазнака: “Звесткі скарэкціраваныя з улікам змянення метадалогіі разліку колькасці практыкуючых урачоў у адпаведнасці з міжнароднымі рэкамендацыямі”. Метадалогія апісана не была.

Згодна справаздачы Грамадзянскага маніторынгу, забяспечанасць урачамі на 10 тыс. насельніцтва складала ў 2024 годзе: у Віцебскай вобласці — 26,2 супраць 52 паводле Міністэрства аховы здароўя, у Гомельскай — 30,1 супраць 58, Гродзенскай — 40,8 супраць 54, Мінскай — 27,4 супраць 40, Магілёўскай — 26,3 супраць 47. Аўтары справаздачы падкрэслівалі, што хібнасць з-за закрытасці звестак можа быць, але “сапраўдныя лічбы забяспечанасці” наўрад ці “дасягаюць афіцыйна заяўленых значэнняў”.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, намінальная налічаная сярэдняя заработная плата ў снежні 2024 года ў сферы аховы здароўя і сацыяльных паслуг склала 2.072,9 рубля — на 23,1% менш за сярэднюю па краіне (2.693,9).

Падзяліцца: