Мінск 22:23

Беларусь другі раз за тыдзень выплаціла працэнты па еўрабондах рублямі замест долараў

28 лютага, Позірк. Міністэрства фінансаў 28 лютага паведаміла пра чарговую выплату працэнтнага даходу па еўрааблігацыях Belarus-2030.

Паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, памер выплат склаў 18,6 млн долараў ЗША ў эквіваленце. Такім чынам, улады працягваюць разлічвацца з трымальнікамі аблігацый не ў доларах, а ў беларускіх рублях.

“Сродкі ў поўным аб’ёме” былі залічаны на асобны банкаўскі рахунак у “Беларусбанку”.

Пра выплату працэнтнага даходу па еўрааблігацыях Belarus-2026 і Belarus-2031 у памеры 38,6 млн долараў у эквіваленце Мінфін паведамляў 24 лютага 2025 года.

Ведамства таксама анансавала “планавую замену” 28 лютага беларускіх еўрааблігацый з пагашэннем 28 лютага 2030 года (Belarus-2030, ISIN XS1760804184 / US07737JAC71) дзяржаўнымі аблігацыямі выпуску № 336.

28 чэрвеня 2022 года Савет міністраў і Нацыянальны банк прынялі супольную пастанову, згодна з якой “выкананне даўгавых абавязацельстваў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка на дату плацяжу”.

З таго часу Беларусь практыкуе пералічэнне плацяжоў па даўгах у рублях на спецрахунак у “Беларусбанку”.

Улады настойваюць, каб плацежны агент самастойна забіраў сродкі з гэтага рахунку і разлічваўся з інвестарамі. Citigroup і Citibank адмовіліся выступаць агентамі па беларускіх еўрабондах.

Неўзабаве пасля гэтага міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Fitch Ratings і Moody’s панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі: першае заявіла, што дэфолт у краіне непазбежны, другое прызнала сітуацыю дэфолтам.

Беларусь “ліхаманкава шукае рашэнні, як выканаць абавязацельствы перад інвестарамі”, якія набылі еларускія еўрааблігацыі, заявіў 29 ліпеня 2024 года саветнік-пасланнік амбасады Беларусі ў РФ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі.

“Беларусь апынулася ў форс-мажорнай сітуацыі. На момант набыцця гэтых еўрабондаў юрыдычных рашэнняў аб увядзенні санкцый не было. Мы зараз, як і Расія, знаходзімся пад санкцыямі Захаду. Зразумела, што на сённяшні дзень патрабаваць выконваць гэтыя абавязацельствы ў замежнай валюце, як мне здаецца, некарэктна”, — сказаў ён.

Падзяліцца: