Мінск 03:34

Латушка падтрымаў Зяленскага пасля яго канфлікту з Трампам

Стоп-кадр відэазапісу: "Позірк"

28 лютага, Позірк. Павел Латушка падтрымаў Уладзіміра Зяленскага пасля яго канфлікту з Дональдам Трампам на перамовах у Вашынгтоне 28 лютага.

“У гэты важны, гістарычны момант хацеў бы выказаць як беларус, як беларускі палітык словы падтрымкі і салідарнасці ўкраінскаму народу, прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму. Украіна — гэта Еўропа, а Еўропа павінна быць моцнай. І я веру ў тое, што Беларусь таксама будзе ў Еўропе”, — заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце ў кароткім відэазвароце.

Сварка паміж Зяленскім з адного боку і Трампам і віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэем Вэнсам з другога перад запланаваным падпісаннем пагаднення аб сумесным карыстанні украінскімі рэдказямельнымі металамі стала сусветнай навіной увечары 28 лютага. Бакі востра паспрачаліся наконт вайны Расіі супраць Украіны. Новая амерыканская адміністрацыя адкрыта сімпатызуе краіне-агрэсару. Зяленскі датэрмінова завяршае візіт у ЗША.

Салідарнасць з Зяленскім выказалі вядучыя еўрапейскія палітыкі.

Абнаўленне ў 23:55. Латушка ў сваім тэлеграм-канале дапоўніў каментар: “Прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму не патрэбна дапамога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, каб аддаць Расіі акупаваныя тэрыторыі Украіны, скараціць войскі, адмовіцца ад уступлення ў НАТО і дэнацыяналізаваць Украіну. Калі ў яго было б жаданне капітуляваць, то ён бы паехаў у Маскву, а не ў Вашынгтон”.

Падзяліцца: