Мінск 16:51

Ціханоўская: Беларусы падтрымліваюць Украіну

Архіўнае фота: "Позірк"

1 сакавіка, Позірк. Свабоду заўсёды трэба абараняць — “у Беларусі, Украіне і паўсюль, дзе яна пад пагрозай”, заявіла 1 сакавіка беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Вайна Расіі супраць Украіны — гэта вайна супраць самой свабоды. Гэта вайна супраць каштоўнасцяў, якія аб’ядноўваюць усіх нас, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Адважныя людзі Украіны змагаюцца не толькі за сваю будучыню, але і за свабодную, мірную і бяспечную Еўропу. Беларусы падтрымліваюць Украіну”.

Заява Ціханоўскай з’явілася на наступны дзень пасля пікіроўкі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і віцэ-прэзідэнта Джэймса Дэвіда (Джэй Дзі) Вэнса.

28 лютага Кіеў і Вашынгтон мелі намер падпісаць амерыкана-ўкраінскае пагадненне пра карысныя выкапні. Перад адпаведнай цырымоніяй Зяленскі, Трамп і Вэнс сустрэліся з журналістамі, вялася жывая трансляцыя размовы.

Адзін з прадстаўнікоў СМІ спытаў у Трампа, ці не лічыць ён, што занадта зблізіўся з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. Трамп заявіў, што не аб’ядноўваўся ані з кім, “толькі з ЗША”, папракнуў Зяленскага ў нянавісці да Пуціна, што перашкаджае заключэнню здзелак. Вэнс стаў даказваць, што дзеянні Трамп — элементы дыпламатыі, неабходныя для спынення агню.

Зяленскі звярнуў увагу амерыканскіх суразмоўцаў на тое, што ўкраінцы гінулі ад дзеянняў Расіі з 2014 года, а ў 2019-м Масква парушыла дамоўленасць пра спыненне агню. У сувязі з гэтым ён пацікавіўся ў Вэнса, пра якую дыпламатыю ідзе гаворка.

Амерыканскі віцэ-прэзідэнт абурыўся тым, што ўкраінскі лідар уступіў у публічную спрэчку, фактычна абвінаваціў таго ў непавазе да Трампа, які “спрабуе пакласці канец” вайне. Прадстаўнікі ЗША заявілі Зяленскаму, што ён не ў тым становішчы, каб нешта ім дыктаваць.

Трамп папракнуў суразмоўцу ў тым, што той нібыта “гуляе жыццямі мільёнаў людзей”, “гуляе з Трэцяй сусветнай”, не жадае спынення агню, не паважае ЗША; сказаў пра тое, што без амерыканскага ўзбраення “вайна б скончылася за два тыдні”. Зяленскі парыраваў спробы падобнага ціску. Сустрэча на падвышаных танах завяршылася датэрмінова, пагадненне не было падпісанае, украінскі прэзідэнт пакінуў Белы дом.

Неўзабаве пасля гэтага Трамп заявіў, што Зяленскі нібыта “праявіў непавагу да Злучаных Штатаў”, але можа вярнуцца, “калі будзе гатовы да міру”. Вэнс запатрабаваў ад украінскага лідара выбачэнняў.

Зяленскі ў сваю чаргу заявіў, што не зрабіў нічога дрэннага, за што яму трэба было б прасіць прабачэння, а таксама выступіў за падпісанне пагаднення.

Шматлікія лідары еўрапейскіх дзяржаў падтрымалі прэзідэнта Украіны.

У СМІ з’явілася інфармацыя, што рэакцыяй Вашынгтона на сітуацыю, якая адбылася, можа стаць спыненне вайсковай дапамогі Украіне.

Падзяліцца: