Мінск 23:43

Лукашэнка запрошаны на снежаньскі Міжнародны форум міру і даверу ў Туркменістане

Ашхабад
Ілюстрацыйнае фота: John Pavelka / wikimedia.org

1 сакавіка, Позірк. Запрашэнне на Міжнародны форум міру і даверу, адрасаванае Аляксандру Лукашэнку, перадаў намесніку міністра замежных спраў Паўлу Уцюпіну амбасадар Туркменістана ў Беларусі Назаркулы Шакулыеў на сустрэчы 28 лютага ў Мінску, паведамляе прэс-служба туркменістанскага знешнепалітычнага ведамства.

Паведамляецца, што бакі сярод іншага “разгледзелі актуальныя аспекты міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў кантэксце далейшай сумеснай працы па ўмацаванні двухбаковай супрацы”.

Адметна, што МЗС Беларусі пра перададзенае на адрас Лукашэнкі запрашэнне наўпрост не згадвае. Прэс-служба ведамства толькі адзначыла, што дыпламаты абмеркавалі “стан беларуска-туркменскіх стасункаў, а таксама графік будучых візітаў і сустрэч, у тым ліку ў рамках міжнародных мерапрыемстваў”.

Міжнародны форум міру і даверу пройдзе 12 снежня ў Ашхабадзе. Ён будзе прысвечаны абвяшчэнню 2025 года Міжнародным годам міру і даверу з ініцыятывы Туркменістана, а таксама 30-годдзю сталага нейтралітэту гэтай дзяржавы ў Цэнтральнай Азіі.

На форум запрошаныя генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, старшыня КНР Сі Цзіньпін, прэзідэнт ААЭ Мухамед бен Зэйд Аль Нахаян, князь Манака Альбер II ды інш.

Падзяліцца: