Мінск 22:39

Расіянін прамаўчаў пра буйную суму грошай пры ўездзе ў Беларусь, распачатая крымінальная справа

Фота: Дзяржаўны мытны камітэт / Калаж: "Позірк"

1 сакавіка, Позірк. Гродзенская рэгіянальная мытня ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да грамадзяніна Расіі паводле ч. 2 арт. 228 КК (кантрабанда — незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС у буйным памеры наяўных грашовых сродкаў або грашовых інструментаў), паведаміла 28 лютага прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, мужчына “разам з кіроўцам і іншымі пасажырамі аўто” заехаў у Беларусь з Літвы па “чырвоным калідоры” пункта пропуску Беняконі (з літоўскага боку — Шальчынінкай).

“На пытанне мытнікаў пра магчымую наяўнасць тавараў і грашовых сродкаў, якія неабходна задэклараваць, ён адказаў адмоўна, — гаворыцца ў паведамленні. — Аднак пры правядзенні кантролю мытнікі высветлілі, што расіянін перамяшчае 226 тыс. расійскіх рублёў (звыш 2,5 тыс. долараў. — “Позірк”.) і больш за 47 тыс. долараў ЗША. Высветлена, што наяўную пры сабе суму, што вынятая да рашэння суда, ён не задэклараваў наўмысна”.

Санкцыя паводле згаданай часткі артыкула аб кантрабандзе — штраф, абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.

Мытны камітэт нагадаў, што пры перасячэнні мяжы ў абавязковым парадку належыць дэклараваць сумы наяўных грошай звыш 10 тыс. долараў у эквіваленце (з дакументамі, якія пацвярджаюць паходжанне, — звыш 100 тыс. долараў).

Падзяліцца: