Мінск 19:43

За мінулыя суткі на пажарах у Беларусі загінула сем чалавек, з пачатку года — 170

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

3 сакавіка, Позірк. Сем чалавек загінула на пажарах у Беларусі за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 2 сакавіка да 6:00 3 сакавіка), вынікае з аператыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паводле даных Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС, ад агню загінула два чалавекі — гаспадары жылых дамоў у Кобрыне і вёсцы Альсевічы (Баранавіцкі раён).

Яшчэ па два чалавекі загінула на пажарах у Гомельскай (Мазырскі і Веткаўскі раёны) і Мінскай (Уздзенскі раён) абласцях, адзін — у Віцебскай вобласці (Аршанскі раён). Адпаведныя абласныя ўпраўленні МНС дэталяў гэтых трагічных выпадкаў не прыводзяць.

З пачатку 2025 года ў Беларусі адбылося 1.273 пажары — на 31,2% больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га (970). Загінула 170 чалавек (+46,6%; 116), траўмавана — 72 (-24,2%; 95).

На пасяджэнні калегіі МНС 14 лютага кіраўнік ведамства Вадзім Сіняўскі сцвярджаў, што ў 2024 годзе ў краіне былі “гарантаваныя бяспечныя ўмовы жыццядзейнасці насельніцтва, аператыўнае рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі і эфектыўная ліквідацыя іх наступстваў”.

Паводле слоў чыноўніка, у выніку “сумеснай прафілактычнай працы” колькасць загінулых на пажарах летась “не перавысіла сярэднегадавы паказчык за апошнія пяць гадоў”. Разам з тым, канстатаваў Сіняўскі, захады, што робяцца, не дазволілі захаваць дасягнутую ў 2022 і 2023 гадах дынаміку зніжэння колькасці пажараў і загінулых ад іх людзей.

Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў на пасяджэнні, што яго “ў першую чаргу” хвалюе колькасць пажараў, што адбываюцца ў Беларусі.

Падзяліцца: