Мінск 19:46

Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць да “мірнага стваральнага дыялогу” з членам ЕС Балгарыяй

Ілюстрацыйнае фота: Peter (petto123) / pixabay.com

3 сакавіка, Позірк. Пра гатоўнасць да “мірнага стваральнага дыялога” з Сафіяй на аснове “павагі і раўнапраўя” заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 3 сакавіка народ Балгарыі з нацыянальным святам — Днём Вызвалення.

“У Беларусі заўсёды ўспрымалі Балгарыю як важнага еўрапейскага партнёра з блізкімі каштоўнасцямі і менталітэтам”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Лукашэнка ўпэўнены, што абедзве краіны могуць знайсці “шляхі для аднаўлення паўнацэнных стасункаў”, а беларусы і балгары “працягнуць разам працаваць і сябраваць, тым самым садзейнічаючы ўзаемаразуменню на Еўрапейскім кантыненце”.

Балгарыя — член Еўрапейскага саюза, які не прызнае Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі. ЕС увёў у дачыненні да прадстаўнікоў яго рэжыму санкцыі.

У сваю чаргу ўрад Беларусі ўвесну 2022 года зацвердзіў пералік “замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”, у які ўваходзяць усе краіны ЕС.

Балгарыя знаходзіцца ў ліку краін, з якімі Беларусь прыпыніла выкананне палажэнняў міжнародных пагадненняў аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання.

Падзяліцца: