Мінск 00:42

Адказным за сацыяльную сферу віцэ-прэм’ерам прызначаны Каранік — былы кіраўнік Мінздароўя і Гродзенскай вобласці (дапоўнена)

Архіўнае фота: grodnonews.by

3 сакавіка, Позірк. Уладзімір Каранік прызначаны намеснікам прэм’ер-міністра, адказным за сацыяльную сферу. Адпаведнае рашэнне 3 сакавіка прыняў Аляксандр Лукашэнка, вынікае з паведамлення неафіцыйнага тэлеграм-канала яго прэс-службы.

Каранік быў прызначаны старшынёй Гродзенскага аблвыканкама 22 жніўня 2020 года, калі ў краіне, у тым ліку ў яго родным Гродне, праходзілі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і праяўленай сілавікамі жорсткасці ў дачыненні да дэманстрантаў.

Да гэтага крыху больш за год (з чэрвеня 2019-га) ён займаў пасаду міністра аховы здароўя, на якую перайшоў з пасады галоўнага ўрача Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера.

Летась 21 красавіка ў інтэрв’ю тэлеканалу АНТ Каранік заявіў, што самым хуткім і эфектыўным вырашэннем праблемы дэфіцыту кадраў у медыцыне і сельскай гаспадарцы з’яўляецца “рацыянальнае выкарыстанне тых кадраў”, якія маюцца.

На аператыўнай нарадзе ў Гродне 24 красавіка 2023 года Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў Караніка, якога ў 2021 годзе назваў “моцным кандыдатам у прэзідэнты”. Нагодай стала “немала слабых месцаў”, выяўленых па выніках праведзенай Камітэтам дзяржкантролю праверкі ў вобласці.

Да Караніка сацыяльную сферу курыраваў віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка.

Падзяліцца: