Мінск 21:45

Генпракуратура накіравала ў суд справу аб незаконным абароце 445 кг псіхатропаў

Ілюстрацыйнае фота: James Yarema / unsplash.com

3 сакавіка, Позірк. Генеральная пракуратура накіравала ў Мінскі абласны суд крымінальную справу ў дачыненні да двух замежнікаў, абвінавачаных у “незаконным абароце асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры” ў складзе злачыннай групы.

Згодна з матэрыяламі справы, як паведаміла прэс-служба нагляднага органа, абвінавачаныя са снежня 2021 года па сакавік 2024-га “ўступілі ў міжнародную злачынную арганізацыю, у складзе якой на тэрыторыі Беларусі ажыццяўлялі незаконны абарот псіхатропных рэчываў агульнай вагой больш за 445 кг”.

Адзін з абвінавачаных, як сцвярджаецца, таксама здзейсніў шэраг іншых злачынстваў, “якія не ахопліваліся злачынным намерам кіраўніка АЗГ”.

Паводле інфармацыі ведамства, намеснік генпракурора пакінуў без змянення меру стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту, раней абраную ў дачыненні да ўсіх абвінавачаных.

Паводле даных Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК), у 2024 годзе вынята 1.622 тоны наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў — амаль у два разы больш, чым за папярэдні год. Зафіксаваныя 553 факты кантрабанды і незаконнага абароту наркотыкаў, узбуджана 310 крымінальных спраў — на 13% больш, чым у 2023-м.

Летась у лістападзе былыя сілавікі з аб’яднання BelPol на аснове аналітычнай даведкі МУС, якая трапіла ў іх распараджэнне, адзначылі, што галоўным пастаўшчыком наркотыкаў і псіхатропаў у Беларусь з’яўляецца Расія.

З дакумента вынікае, што ў першай палове 2024 года ў Беларусі выяўлена 17 каналаў паставак забароненых рэчываў: у 14 выпадках (82,4%) наркотыкі і псіхатропы паступалі з Расіі, у двух — з Польшчы, у адным — з Літвы.

6 лістапада 2024 года намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі барацьбы з кантрабандай ДМК Сяргей Дуброўскі паведаміў пра спыненне ў 2024 годзе (на той момант) больш як 440 спробаў перамяшчэння наркотыкаў і псіхатропаў праз мяжу. Паводле яго слоў, было канфіскавана каля 1.300 кг такіх рэчываў.

Падзяліцца: