Мінск 18:15

Каля мяжы з Літвой затрыманы двое патэнцыйных кантрабандыстаў

3 сакавіка, Позірк. Двое мужчын, якія “планавалі парушыць заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы”, затрыманыя ў ноч з 28 лютага на 1 сакавіка ў прымежжы з Літвой у Гродзенскім раёне, паведаміў Дзяржпамежкамітэт.

Адзначаецца, што “пры аглядзе мясцовасці памежнікі знайшлі два аўтамабілі і прычэп“: “У іх знаходзіліся 22 балоны з газам, тры метэазонды і тры GPS-трэкеры. Праводзіцца далейшае разбіральніцтва“.

ДПК нагадаў аб забароне выкарыстання паветранай прасторы Беларусі без належнага дазволу, а таксама аб тым, што незаконнае ўтрыманне і выкарыстанне лятальных апаратаў у пагранічнай зоне або пагранічнай паласе з’яўляюцца парушэннем пагранрэжыму і прыводзяць да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 24.19 КаАП (штраф да 50 базавых велічынь).

11 лютага ў раёне вёскі Лазарышкі (Вараноўскі раён Гродзенскай вобласці) паблізу мяжы з Літвой, таксама былі затрыманы двое грамадзян Беларусі, на месцы затрымання было знойдзена шэсць газавых балонаў, тры аэрастатычныя шары, а таксама тры GPS-трэкеры і сім-карты.

5 лютага ў шэрагу раёнаў Гродзенскай вобласці, якія мяжуюць з Літвой, затрымалі чацвярых грамадзян з беспілотнымі лятальнымі апаратамі.

Апошнім часам дроны і аэрастаты актыўна выкарыстоўваюць кантрабандысты, каб нелегальна дастаўляць у Літву грузы, у асноўным цыгарэты беларускай вытворчасці.

1 сакавіка Служба аховы дзяржаўнай граніцы Літвы паведаміла, што за два месяцы 2025 года было перахоплена 99 партый кантрабандных цыгарэт, дастаўленых з Беларусі з дапамогай паветраных шароў. Паводле звестак ведамства, за ўвесь 2024 год было перахоплена 226 партый кантрабандных беларускіх цыгарэт, якія трапілі на літоўскую тэрыторыю такім спосабам, у 2023-м — тры, у 2022-м — ніводнай.

1 красавіка 2024 года набыў моц указ № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў”, які забараняе ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыю і выраб беспілотнікаў і выкарыстанне паветранай прасторы без належнага дазволу.

Падзяліцца: