Мінск 00:19

Жаночае лідарства адыгрывае велізарную ролю — Ціханоўская

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

3 сакавіка, Позірк. Жаночае лідарства адыгрывае “велізарную ролю ў кантэксце нашай рэчаіснасці”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 3 сакавіка ў Вільнюсе на сустрэчы з кіраўніцамі беларускіх грамадскіх арганізацый з нагоды Міжнароднага дня барацьбы за правы жанчын (8 сакавіка).

“Чым актыўней жанчыны дзейнічаюць, тым мацней становіцца нашая супольнасць. Шчырасць і эмпатыя сёння як ніколі важныя і для грамадства, і для палітыкі. І гледзячы на вас, я ўсведамляю, колькі ў нас адважных, таленавітых, яскравых жанчын! Шчыра захапляюся вамі і вашай дзейнасцю!” — цытуе палітыка яе прэс-служба.

Ціханоўская запэўніла, што дэмакратычныя сілы “робяць усё, каб пераканаць партнёраў працягваць падтрымліваць дзейнасць грамадскага сектара”.

На сустрэчы абмеркавалі пытанні дапамогі і падтрымкі беларусаў за мяжой, каардынацыю паміж арганізацыямі па пытаннях легалізацыі, фінансавай дапамогі, працы і жылля для беларусаў, магчымасць стажыровак у арганізацыях для беларускай моладзі.

Абмяркоўваліся ўзаемаадносіны з Літвой і іншымі краінамі і роля жанчын у дэмакратычным руху ў цэлым.

3 лютага ў Камітэце па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, які дзейнічае ў рамках Савета па правах чалавека ААН, быў прэзентаваны даклад арганізацый грамадзянскай супольнасці аб становішчы жанчын у Беларусі.

У дакуменце адзначаецца, што “доступ жанчын да правасуддзя падрываецца няспынным пераследам жанчын-праваабаронцаў”: “На актывістак навешвалі хлуслівыя ярлыкі тэрарыстаў, нягледзячы на іх мірную дзейнасць”.

Паводле звестак аўтараў дакладу, у Беларусі прынамсі 139 жанчын з’яўляюцца палітвязнямі. Яны “не маюць доступу да медыцынскага абслугоўвання і пастаянна сутыкаюцца з жорсткім абыходжаннем”.

Падзяліцца: