Мінск 00:11

За тыдзень бязвізам скарысталася 3.729 еўрапейцаў — ДПК

3 сакавіка, Позірк. З 24 лютага да 3 сакавіка Беларусь у бязвізавым парадку наведала 3.729 жыхароў еўрапейскіх дзяржаў (на папярэднім тыдні 3.892), вынікае з інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэта.

За тыдзень у краіну прыбыла 1.230 грамадзян і неграмадзян Латвіі (за папярэдні справаздачны перыяд — 1.184), 1.562 грамадзяніны Літвы (1.787), 427 грамадзян Польшчы (436) і 510 грамадзян з ліку прадстаўнікоў іншых еўрапейскіх дзяржаў (485).

Усяго з 15 красавіка 2022 года краіну наведала 1.061.696 еўрапейцаў: грамадзян і неграмадзян Латвіі — 333.987, грамадзян Літвы — 601.486, Польшчы — 107.291, іншых краін Еўропы — 18.932.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Андоры, Аўстрыі, Балгарыі, Бельгіі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нарвегіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Паўночнай Македоніі, Румыніі, Сан-Марына, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі. Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “па сапраўдных дакументах”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

13 снежня 2024 года бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін падоўжаны да канца 2025-га.

Падзяліцца: