Мінск 10:31

Пошліны на вываз з Беларусі шэрагу вуглевадародаў павялічаныя амаль на 11%

Ілюстрацыйнае фота: "Віцебскаблгаз"

4 сакавіка, ПозіркМытныя пошліны на шэраг вуглевадародаў, якія вывозяцца з Беларусі за межы Еўразійскага эканамічнага саюза, з 1 сакавіка 2025 года павялічаныя амаль на 11%, вынікае з пастановы Савета міністраў № 122 ад 28 лютага.

Згодна з дакументам, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 4 сакавіка, экспартная пошліна на звадкаваныя вуглевадародныя газы цяпер складае 8,3 долара за тону (на 1 лютага 2025 года — 7,5; рост на 10,7%); на этан, бутан і ізабутан — 7,4 (6,7; +10,5%).

На пачатку мінулага года стаўкі на вываз гэтых рэсурсаў складалі 1,6 і 1,4 долара адпаведна. З лютага 2024-га на працягу сямі месяцаў пошліны былі роўныя нулю. У верасні ўрад вярнуў стаўкі — 20,8 і 18,7 долара адпаведна, у кастрычніку яны выраслі да 45,2 і 40,6, снежні — да 61,7 і 55,5; у студзені 2025 года — знізіліся да 18,5 і 16,6.

Ад пачатку 2024 года застаюцца нулявымі пошліны на вываз сырой нафты, мазуту, нафтавага бітуму, вазеліну і парафіна, адпрацаваных нафтапрадуктаў (на 1 снежня 2023 года — 24,7 долара за т), прамагоннага бензіну (13,5), таварных бензінаў, дызельнага паліва, лёгкіх, сярэдніх дыстылятаў, бензолу, талуолу, ксілолаў, змазачных аліваў (7,4).

Стаўкі разлічваюцца паводле пэўнай формулы і залежаць ад кошту сыравіны на сусветных рынках. Беларускія пошліны роўныя расійскім.

Падзяліцца: