Мінск 14:36

Улады Беларусі падагналі дату “прэзідэнцкіх выбараў” пад свае палітычныя задачы — праваабаронцы

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

4 сакавіка, Позірк. Чарговыя, сёмыя, “прэзідэнцкія выбары” ў Беларусі адбыліся на фоне “глыбокага крызісу правоў чалавека, выкліканага рэпрэсіямі пасля мірных пратэстаў супраць фальсіфікацый на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах”, гаворыцца ў фінальнай справаздачы экспертнай місіі кампаніі па назіранні “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Адзначаецца, што “ўлады працягваюць адвольна пераследаваць паводле палітычных падставаў кандыдатаў, членаў выбарчых штабоў ды ініцыятыўных груп, назіральнікаў, актывістаў і проста неабыякавых грамадзян, якія паставілі свой подпіс за вылучэнне незалежных прэтэндэнтаў у кандыдаты на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах 2020 года”.

Праваабаронцы лічаць, што “прызначэнне выбараў на 26 студзеня 2025 года, за 6 месяцаў да чаканай даты іх правядзення (і за 7 дзён да крайняга тэрміну рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты), сведчыць пра інструменталізацыю электаральных працэдур і маніпуляцыю заканадаўствам”.

Па сутнасці, гаворыцца ў справаздачы, “улады падагналі дату выбараў пад палітычныя задачы, тым самым парушыўшы выбарчае заканадаўства з пункту гледжання роўнасці магчымасцяў кандыдатаў і прынцыпу прадказальнасці выбараў, прадугледжанага міжнароднымі стандартамі ў галіне выбараў”.

Маніторынг усіх этапаў выбарчай кампаніі дазволіў праваабаронцам зрабіць выснову, што “выбары прэзідэнта не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэннямі выбарчага заканадаўства”.

Усе этапы выбарчага працэсу “не проста кантраляваліся ўладамі адміністрацыйна, а былі імі арганізаваныя для ўтрымання Аляксандрам Лукашэнкам улады пры імітацыі яго шырокай народнай падтрымкі”, канстатавалі аўтары справаздачы. У дакуменце прыведзеныя шматлікія доказы, якія пацвярджаюць правамернасць такіх высноў.

На электаральнай працэдуры 26 студзеня, якую афіцыйны Мінск лічыць“ прэзідэнцкімі выбарамі”, за Лукашэнку, паводле сцвярджэння Цэнтрвыбаркама, прагаласавала 86,82% выбаршчыкаў.

Працэдура прайшла пад поўным кантролем уладаў і на фоне беспрэцэдэнтнага ўзроўню рэпрэсій.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” — кампанія, зладжаная праваабарончым цэнтрам “Вясна” і Беларускім Хельсінкскім Камітэтам. Яе мэта ў тым, каб ацаніць выбарчы працэс з пункту гледжання беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаваць беларускую грамадскасць і міжнародную супольнасць пра ход падрыхтоўкі і правядзення выбараў, а таксама пра вынікі назірання.

Падзяліцца: