Мінск 20:59

У палітзняволеных праваабаронцаў пагоршылася здароўе — “Вясна”

Адкрыццё выставы ў Празе (3 сакавіка)
Фота: ПЦ "Вясна"

4 сакавіка, Позірк. Аб “вельмі моцным пагоршэнні [стану] здароўя” палітзняволеных праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча паведаміў прадстаўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Канстанцін Старадубец падчас адкрыцця прысвечанай ім выставы з арт-інсталяцыяй 3 сакавіка ў Празе (у другую гадавіну суда над імі).

Паводле слоў Старадубца, якія перадае сайт ПЦ, у дачыненні да іх “супрацоўнікі калоній выкарыстоўваюць абмежаванне перадач з ежай і лекамі як інструмент дадатковага ціску”.

У прысвечанай гадавіне вынясення прысуду заяве Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) заклікала да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення і спынення пераследу ўсіх беларускіх праваабаронцаў.

“Абсерваторыя таксама заклікае беларускія ўлады выконваць усе свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека і заклікае міжнародную супольнасць выкарыстоўваць усе даступныя меры для забеспячэння правасуддзя, падсправаздачнасці і пакрыцця шкоды ўсім праваабаронцам, адвольна зняволеным у турме ў Беларусі”, — сказана ў ёй.

У тэматычнай заяве беларускай праваабарончай супольнасці гаворыцца, што прысуд “стаў увасабленнем разбуральнай палітыкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, уключаючы іншадумцаў і палітычных апанентаў улады”: “За час, які мінуў з пачатку выбарчай кампаніі 2020 года, больш за 3.760 чалавек былі прызнаныя палітвязнямі, 1.231 з іх знаходзяцца ў зняволенні да гэтага часу. Усяго па крымінальных абвінавачваннях да розных відаў пакарання асуджана больш за 7 тыс. чалавек, дзясяткі тысяч людзей сутыкнуліся з адміністрацыйным пераследам. Цяпер у краіне на фоне палітычных рэпрэсій і ліквідацыі практычна дзвюх тысяч НКА не засталося ніводнай зарэгістраванай праваабарончай арганізацыі. Больш за сорак журналістаў і супрацоўнікаў СМІ знаходзяцца ў зняволенні”.

Аўтары патрабуюць ад уладаў “распачаць усе магчымыя намаганні да таго, каб усе палітычныя зняволеныя ў Беларусі былі безумоўна вызваленыя і рэабілітаваныя”.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, яго намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч знаходзяцца ў няволі з 14 ліпеня 2021 года.

3 сакавіка 2023-га яны былі асуджаныя ў рамках палітычна матываванай справы на 10, 9 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Праваабаронца Зміцер Салаўёў, які знаходзіцца за мяжой, завочна асуджаны па гэтай справе на 8 гадоў зняволення.

У 2022 годзе Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру (разам з украінскім Цэнтрам грамадзянскіх свабод і расійскім таварыствам “Мемарыял”). Прэмія была ўручана яго жонцы.

62-гадовы Бяляцкі ўтрымліваецца ў папраўчай калоніі № 9 (Горкі, Магілёўская вобласць), 52-гадовы Стэфановіч — у ПК № 15 (Магілёў), 46-гадовы Лабковіч — ПК № 17 (Шклоў, Магілёўская вобласць).

Падзяліцца: