Мінск 20:51

Лукашэнка даручыў падрыхтаваць указ аб перадачы часткі ягоных паўнамоцтваў мясцовым органам улады

4 сакавіка, Позірк. Падрыхтаваць праект указа, які перадасць частку ягоных паўнамоцтваў мясцовым органам улады, даручыў 4 сакавіка Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па кадравых пытаннях.

“Трэба падрыхтаваць праект указа, каб да мяне губернатары (старшыні аблвыканкамаў. — “Позірк”.) не звярталіся: з адной крыніцы там, потым паралельнае праектаванне, будаўніцтва і іншае, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. — Няхай яны прымаюць рашэнні на месцах. У крайнім выпадку няхай узгадняюць у галіновых спецыялістаў — віцэ-прэм’ераў, раз ужо мы павысілі іх узровень. Узгаднілі з імі, а мы будзем кантраляваць. Акрамя адводу зямель, бо зямельныя пытанні — гэта святое і пакуль застаюцца за прэзідэнтам. А ўсё астатняе няхай вырашаюць”.

Паводле слоў Лукашэнкі, ягонае рашэнне звязана з тым, што ён у асноўным падпісвае і падтрымлівае просьбы мясцовых органаў улады.

“Няхай яны і прымаюць рашэнні. З пункту гледжання пераносу паўнамоцтваў уніз нам трэба паглядзець і вызваліць прэзідэнта ад гэтых непатрэбных функцый. У крайнім выпадку міністр, віцэ-прэм’ер па нейкіх пытаннях. І тое — на працягу сутак узгаднілі, няхай губернатары і мясцовыя органы ўлады самі разбіраюцца і будуюць”, — заявіў прамоўца.

Раней старшыні раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў (абласнога падпарадкавання) атрымалі права ўзгадняць прызначэнне кіраўнікоў арганізацый на даручанай тэрыторыі, у тым ліку прыватнай формы ўласнасці, вынікае з указа ад 21 лютага 2025 года № 74 “Аб узмацненні ролі старшынь выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў”.

Таксама старшыні рай- і гарвыканкамаў паводле ўказа надзеленыя паўнамоцтвамі выносіць пісьмовыя патрабаванні (прадпісанні) аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства і аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці работнікаў.

Па ўзгадненні з рай- і гарвыканкамамі цяпер павінны прымацца рашэнні, якія “прадугледжваюць спыненне дзейнасці важных для раёна аб’ектаў або прыпыненне дзейнасці арганізацый”.

Старшыні райвыканкамаў будуць адказныя за “кіраванне па ўсіх напрамках, у тым ліку і прыватным сектарам”, заявіў Лукашэнка 6 лютага на нарадзе па пытаннях удасканалення прававога рэгулявання статусу кіраўнікоў мясцовых органаў улады.

Кіраўнік ягонай адміністрацыі Дзмітрый Круты тады паведаміў, што старшыні райвыканкамаў будуць узгадняць кіраўнікоў арганізацый усіх формаў уласнасці, а таксама мясцовых тэрытарыяльных органаў (за выключэннем сістэмы КДБ): “Узгадненне не будзе тычыцца невялікіх арганізацый, напрыклад цырульні ці аптэкі”.

З 2020 года ўлады імкнуцца да татальнага кантролю ўсіх сфер грамадскага жыцця, пераследуючы нязгодных рознымі спосабамі (забарона на працаўладкаванне, крымінальныя справы і інш.).

Падзяліцца: