Мінск 21:04

За апошнія два тыдні ў Беларусі здарылася не менш за пяць буйных аварый на сетках электра- і водазабеспячэння

Ілюстрацыйнае фота: Мінэнерга

4 сакавіка, Позірк. Частка Жодзіна (Мінская вобласць) раніцай 4 сакавіка засталася без электразабеспячэння з прычыны пашкоджання кабельнай лініі 10 кВ на Беларускім аўтамабільным заводзе, паведаміла прадпрыемства “Мінскэнерга”.

Аварыя здарылася ў 11:15, пасля чаго рамонтная брыгада Барысаўскіх электрасетак “аператыўна прыступіла да аднаўлення электразабеспячэння”.

У 12:20 было адноўлена электразабеспячэнне водазабору з адключанага “БелАЗа”, а ў 14:09 — электразабеспячэнне спажыўцоў Жодзіна.

Як вынікае з аналізу паведамленняў СМІ і дзяржаўных структур, праведзенага “Позіркам”, за апошнія два тыдні ў краіне гэта ўжо не менш як пятая буйная аварыя на сетках электра- і водазабеспячэння.

У Мазыры (Гомельская вобласць) 27–28 лютага з-за падзення дрона была пашкоджаная адна з высакавольтных ліній мясцовай ЦЭЦ, што прывяло да адключэння цеплазабеспячэння, паведамляў “Флагшток”.

Раніцай 25 лютага з-за абрыву правадоў на паветранай лініі электраперадачы 110 кВ парушалася энергазабеспячэнне ў Першамайскім і Савецкім раёнах Мінска.

24 лютага “ў выніку тэхналагічнага парушэння ў працы абсталявання” на падстанцыі “Кобрын — Заходняя” (110 кВ) (Брэсцкая вобласць) “часова адсутнічала электразабеспячэнне часткі спажыўцоў раённага цэнтра”.

Уначы 19 лютага ў Асіповічах (Магілёўская вобласць) адбылася аварыя, у выніку якой без водазабеспячэння засталася 16 тыс. спажыўцоў і 78 аб’ектаў эканомікі горада.

4 сакавіка падчас прызначэння членаў урада Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі неабходна абнаўляць электрасеткавую інфраструктуру з улікам павелічэння попыту насельніцтва і рэальнага сектара эканомікі на электраэнергію.

Паводле слоў выступоўцы, якога цытавала яго прэс-служба, высакавольтныя сеткі “больш-менш у парадку”, а на астатнія трэба звярнуць “больш пільную ўвагу”, каб “не адбылося з гэтымі сеткамі, [дзе вальтаж] ніжэйшы, як гэта было ў Гомельскай вобласці пасля ўрагану” (13 і 14 ліпеня 2024 года).

“Таму нам трэба гэтыя 5.700 кіламетраў электрасетак і паўтары тысячы населеных пунктаў — там трэба падаць нармальнае электразабеспячэнне”, — сказаў Лукашэнка.

Падзяліцца: