Мінск 01:06

На фоне бесперапынных рэпрэсій Лукашэнка заявіў, што гатовы “перавярнуць старонку” 2020 года

Відэа: інтэрв'ю Нафалу / стоп-кадр: "Позірк"

5 сакавіка, Позірк. Пра імкненне “перавярнуць старонку” 2020 года заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю амерыканскаму блогеру Марыё Наўфалу, апублікаванаму 5 сакавіка інтэрв’юерам у сацыяльнай сетцы Х.

На пытанне, ці гатовы палітык “перавярнуць старонку і даць шанс тым, хто памыліўся ў 2020 годзе, перахваляваўся падчас тых падзей, даць ім шанс вярнуцца, дараваць ім”, Лукашэнка заявіў, што “ў гэтым яго задача”.

“Мы гэта робім ужо, у гэтым мая задача. Той, хто памыліўся, той, хто адурманены быў, — яны павінны жыць на сваёй зямлі, ствараць сем’і і гадаваць дзяцей. Гэта адна з маіх задач”, — сцвярджае спікер.

Варта адзначыць, што інтэрв’ю было запісанае 27 лютага. Праз некалькі дзён, 3 сакавіка, пры прызначэнні членаў урада Лукашэнка выказаўся пра тое, як трэба ставіцца да людзей, што працуюць у розных сферах, якія, на яго думку, “выступілі супраць дзяржавы”. Паводле яго слоў, у сацыяльнай сферы “такіх дастаткова”: “Яны ворагі фактычна нашай дзяржавы і сядзяць да пары да часу пад венікам”. “Гэтага быць не павінна”, — падкрэсліў ён.

“Мы перажылі з вамі гэты перыяд (гаворка, верагодна, пра падзеі 2020 года. – “Позірк”.). Трэба ўмець дараваць. Трэба ўмець, калі гэта магчыма, — заявіў спікер. — Але калі чалавек парушыў, пераступіў закон, свядома гэта зрабіў, якое тут можа быць дараванне? Я гэта кажу ў гэтым коле таму, што як можна дараваць публічным людзям? Усе публічныя людзі — ахова здароўя, адукацыя, СМІ, культура, спорт. Усе публічныя. І калі вы парушылі недзе парадак, закон, калі вы выступалі супраць дзяржавы, гэта ж бачыў увесь народ. Вы — публічныя людзі”.

Звяртаючыся да перапрызначанага міністра культуры Руслана Чарнецкага, Лукашэнка загадаў: “Калі ў цябе там маюцца нейкія хістанні <…>, трэба гэта спыніць”. “Ты — дзяржаўны чалавек. Яны мусяць быць такія, як ты. Вось і ўся размова”, — падкрэсліў ён.

Прэзідэнцкія выбары 9 жніўня 2020 года адзначыліся самымі маштабнымі і працяглымі пратэстамі за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі, якія сталі рэакцыяй на фальсіфікацыю вынікаў і праяўленую сілавікамі жорсткасць у дачыненні да дэманстрантаў.

Мноства людзей было вымушана пакінуць краіну праз рызыку трапіць пад рэпрэсіі. Ацэнкі адрозніваюцца, але гаворка пра сотні тысяч грамадзян. На 5 сакавіка беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 1.239 чалавек, аднак насамрэч людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна больш.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі, якія пачаліся ў перыяд выбараў 2020 года, працягваюцца дагэтуль.

Падзяліцца: