Мінск 01:05

Польшча пастрожыла працэдуры выдачы гуманітарных віз беларусам

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

5 сакавіка, Позірк. Варшава пастрожыла працэдуры выдачы гуманітарных віз беларусам, паведамляе газета Rzeczpospolita са спасылкай на Міністэрства замежных спраў Польшчы.

Паводле даных польскага знешнепалітычнага ведамства, у 2024 годзе выдадзена 518 гуманітарных віз, а з 2020 года — больш як 53.500.

Цяпер, адзначыў МЗС, “гуманітарная віза выдаецца на разавай аснове і ў якасці аднаразовай нацыянальнай візы, якая гарантуе бяспечны выезд з краіны паходжання”.

“Атрыманне візы з гуманітарных меркаванняў павінна быць звязанае з рэальнымі сітуацыямі, непасрэдна звязанымі з пагрозай жыццю або здароўю заяўніка і яго бліжэйшых сваякоў або крымінальнай адказнасцю за дзеянні, скіраваныя супраць беларускіх уладаў (у тым ліку ўдзел у акцыях пратэсту, апазіцыйная дзейнасць)”, — адзначае МЗС Польшчы.

Падкрэсліваецца, што заява на атрыманне такой візы, пададзеная беларускім грамадзянінам па-за межамі Беларусі, патрабуе дадатковага абгрунтавання. Можна падаць заяву на атрыманне гуманітарнай візы толькі адзін раз, паўторная падача магчымая ў выключных, асабліва абгрунтаваных выпадках, напрыклад, непрадбачаных абставінах, якія робяць немагчымым паездку ў Польшчу на працягу тэрміну дзеяння выдадзенай візы.

Згодна з праверкай візавых працэдур, якую правяло летась новае кіраўніцтва МЗС, выяўленыя злоўжыванні пры выдачы віз грамадзянам Беларусі, у тым ліку гуманітарных. Як сцвярджаецца, гэтыя візы выкарыстоўвалі ў іншых мэтах, у асноўным для паездак па шэнгенскай зоне і перамяшчэння паміж Беларуссю і Польшчай.

У матэрыяле Rzeczpospolita гаворыцца, што беларускі рэжым выкарыстоўвае сістэму гуманітарных віз для ўкаранення сваіх агентаў у Еўропе і Польшчы ў прыватнасці: “Менавіта дзякуючы гуманітарнай візе ў Польшчу трапіла Дар’я А., порнаактрыса і агент беларускага КДБ (некалькі месяцаў таму была асуджаная за шпіянаж) — дакументы выявіліся падробленымі)”.

На 6 лютага Дар’я Астапенка, пра якую ідзе гаворка, знаходзілася ў вышуку Польшчы.

Паводле слоў дэпутата парламента і старшыні парламенцкай камісіі па расследаванні візавага скандалу Марэка Совы, сітуацыя ў Беларусі ў 2020 годзе і цяпер “моцна адрозніваецца”, Лукашэнка “зламаў сваіх грамадзян”, а “рэжым выжыў”: “Таму з пункту гледжання інтарэсаў і бяспекі Польшчы павінны быць вельмі асцярожныя — мы павінны прымаць людзей, якія сапраўды рэпрэсаваныя, пасля праверкі”.

Выданне таксама прыводзіць словы кіраўніка Беларускага дома ў Варшаве (БДВ) Аляксандра Зарэмбюка, які адзначыў, што дзейная візавая сістэма істотна абмяжоўвае дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу ў Беларусі: “Польшча заўсёды праяўляла да нас вялікую салідарнасць, але сёння мы адчуваем, што гэта дапамога стала абмежаванай”.

31 кастрычніка 2023 года Зарэмбюк сказаў “Позірку”, што з пачатку таго года на падставе хадайніцтва Беларускага дома ў Варшаве 1.507 чалавек атрымалі польскія гуманітарныя візы, аднак з верасня працэс спыніўся.

Ён адзначыў, што ў самай дрэннай сітуацыі знаходзяцца тыя, каму трэба хутка пакінуць Беларусь. Некаторыя з рэпрэсаваных, хто знаходзіўся ў спісах Беларускага дома ў Варшаве, і не атрымаў станоўчага рашэння, мусілі ўцякаць з Беларусі. Яны перасякалі межы ЕС нелегальна, прабіраліся праз лясы і гэтак далей, таму што мы не змаглі ім дапамагчы атрымаць візу ў Беларусі на працягу абмежаванага тэрміну.

Падзяліцца: