Мінск 02:14

Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненні да “МетаТрэйдынгПрам”, падазраючы ў продажы ўгнаенняў “Гродна Азота”

Карбамід
Ілюстрацыйнае фота: himavangard.ru

5 сакавіка, Позірк. Варшава ўвяла санкцыі ў дачыненні да сталічнага прадпрыемства “МетаТрэйдынгПрам”, вынікае са спісу на сайце ўрада Польшчы.

У абгрунтаванні рашэння адзначаецца, што кампанія створана ў красавіку 2024 года; у лістападзе таго ж года яна пашырыла свае рэгістрацыйныя даныя, уключыўшы ў іх вытворчасць угнаенняў са жніўня 2024-га.

Летась у кастрычніку прадпрыемства экспартавала ў Польшчу беларускі карбамід прамысловага прызначэння, які ўтрымлівае больш за 45% азоту ў масе ў сухім бязводным прадукце.

Польскі ўрад мяркуе, што гэта былі пастаўкі з уключанага ў санкцыйныя спісы Еўрасаюза прадпрыемства “Гродна Азот”. Прадукцыя экспартавалася пад выглядам тавару ТАА “МетаТрэйдынгПрам”, аднак на самай справе прадпрыемства было толькі пасярэднікам, лічаць у Варшаве.

Адзначаецца, што прамысловая вытворчасць пазначанай вышэй прадукцыі характэрная для вельмі буйных прамысловых прадпрыемстваў; плошча, якая займаецца прамысловымі ўстаноўкамі, складае некалькі гектараў. Вытворчая ўстаноўка прадстаўляе сабой складаную буйнамаштабную хімічную сістэму, якая ўключае кругласутачную вытворчасць з пастаянным кантролем, сістэмай кіравання тэхналагічным працэсам і тэхнічным абслугоўваннем. Стварэнне спецыялізаваных вытворчых установак з’яўляецца працаёмкай і затратнай працэдурай, а хутка перамясціць ці арганізаваць вытворчасць гэтай прадукцыі немагчыма.

Паводле інфармацыі на сайце “МетаТрэйдынгПрам”, юрыдычны адрас якога знаходзіцца ў цэнтры Мінска, фірма супрацоўнічае з найбуйнейшымі прамысловымі прадпрыемствамі Беларусі і блізкага замежжа. “Са жніўня 2024 года мы запусцілі вытворчасць азотных угнаенняў. ТАА “МетаТрэйдынгПрам” вырабляе і рэалізуе карбамід і карбаміда-аміячныя сумесі. Прадукцыя, якая вырабляецца намі, сертыфікавана БелГПП”, — паведамляе прадпрыемства.

18 снежня Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненні да кампаній LLC World Chem Trading Co. (зарэгістраваная ў Дубаі), “ТэхнаспецтрэйдзінгЭкспарт” і “Тэхнаспецтрэйдзінг”. У тлумачэнні адзначаецца, што ўсе яны з’яўляюцца пастаўшчыкамі азотных угнаенняў з Беларусі.

29 лістапада Польшча ўключыла ў санкцыйны спіс экспарцёра азотных угнаенняў ТАА “НФТ”.

Згодна са звесткамі польскага выдання money.pl., за сем месяцаў 2024 года Польшча імпартавала з Беларусі 185,5 тыс. тон угнаенняў. За той жа перыяд 2023 года краіна набыла 13,4 тыс. т беларускіх угнаенняў. Такім чынам, за год імпарт вырас амаль у 14 разоў. З Расіі Польшча імпартавала 721,5 тыс. т угнаенняў (рост у 2,9 раза; 246,7 тыс. т).

Пры гэтым чыстая страта польскага вытворцы ўгнаенняў Grupa Azoty у першым паўгоддзі гэтага года склала 748 млн злотых (каля 187 млн долараў).

7 кастрычніка 2024 года паведамлялася, што Беларусь па выніках першага паўгоддзя знаходзіцца на трэцім месцы паводле аб’ёму паставак у Польшчу азотных угнаенняў, саступаючы Расіі і Германіі, але апярэджваючы Літву, Алжыр, Венгрыю, Нідэрланды, Казахстан і Нігерыю.

Беларускія камбінаваныя ўгнаенні ў студзені — чэрвені 2024 года занялі шостую пазіцыю на польскім рынку, саступіўшы Марока, Расіі, Фінляндыі, Нідэрландам і Літве, але апярэдзіўшы Нарвегію.

Падзяліцца: