Мінск 14:52

МУС абвясціла ў вышук драматурга Халезіна

Крыніца: тэлеграм-канал Мікалая Халезіна

5 сакавіка, Позірк. Драматург і сузаснавальнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін абвешчаны ў вышук на тэрыторыі Беларусі. Гэта вынікае з апублікаванай ім у тэлеграм-канале арыенціроўкі Міністэрства ўнутраных спраў.

У дакуменце гаворыцца, што Халезін адшукваецца ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай паводле ч. 3 арт. 3611 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім).

Супрацоўнікам МУС прадпісваецца “праверыць асобы, якая адшукваецца, па наяўных уліках, на вышук арыентаваць асабісты склад тэрытарыяльных АУС, грамадскасць, арыенціроўку размясціць на стэндзе “Іх шукае міліцыя”.

“Адначасова прашу ажыццявіць праверку вакзалаў і прывакзальных плошчаў з мэтай ўстанаўлення месцазнаходжання асобы, якая адшукваецца”, — гаворыцца ў арыенціроўцы.

Яна падпісаная начальнікам крымінальнай міліцыі ўпраўлення крымінальнага вышуку Цэнтральнага РАУС Мінска Уладзімірам Кубраковым — сынам кіраўніка МУС Івана Кубракова.

“Кубракоў, калі ёсць час пацярпець, пачакай, я да цябе сам прыеду. Яшчэ як прыеду!” — заявіў з нагоды свайго вышуку Халезін.

Драматург шмат гадоў пражывае за межамі Беларусі.

31 кастрычніка 2023 года стала вядома, што тэлеграм-чат Халезіна “Khalezin Chat” быў уключаны ў размешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

24 студзеня 2024 года Халезіну быў уручаны ордэн Брытанскай імперыі. Драматург атрымаў яго з рук прынцэсы Ганны, цырымонія прайшла ў Віндзорскім замку.

3 лістапада 2023 года ордэн Брытанскай імперыі атрымала сузаснавальніца Беларускага Свабоднага тэатра, жонка Халезіна Наталля Каляда.

Як адзначалася на сайце Беларускага Свабоднага тэатра, які базуецца цяпер у Лондане, ён быў заснаваны ў 2005 годзе і з’яўляецца адзіным тэатрам у Еўропе, забароненым урадам па палітычных матывах.

Тэатр адзначаны такімі ўзнагародамі, як прэмія Французскай Рэспублікі па правах чалавека (2007 год), прэмія Атлантычнага савета (2011 год) і прэмія Вацлава Гавела за творчае іншадумства (2018 год).

Каляда і Халезін заснавалі глабальную мастацкую кампанію “Свабодная Беларусь”, у рамках якой працуюць з міжнароднымі арганізацыямі ў тым ліку па пытанні санкцый супраць афіцыйнага Мінска.

Ордэн Брытанскай імперыі — рыцарскі ордэн, заснаваны брытанскім каралём Георгам V у 1917 годзе. Гэта самы малодшы ордэн у брытанскай ўзнагароднай сістэме.

Падзяліцца: